Прафсаюзныя актывісты пішуць ліст да Лукашэнкі



Сябры гарадзенскай суполкі Беларускага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці пачалі збор подпісаў пад адкрытым лістом, у якім прапануюць кіраўніку дзяржавы адмяніць дэкрэт №29. Гэты дакумент, прыгадаем, увёў у краіне кантрактную сістэму найму на працу. Паводле прафсаюзных актывістаў, гэта вяртае нас да “прыгоннага права” і парушае Канстытуцыю. Кажа старшыня гарадзенскай суполкі прафсаюзу Васіль Корабаў:

– У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь напісана, што кожны грамадзянін мае права на працу. Якое ж гэта права на працу, калі ў мяне заканчваецца кантракт і мяне звальняюць толькі з-за таго, што ён заканчваецца? Парушаюцца мае правы.

Збор подпісаў пад адкрытым лістом да кіраўніка краіны – пра адмену кантрактнай сістэмы – праходзіць па ўсёй Гарадзенскай вобласці. Акцыя працягнецца месяц, пасля чаго сабраныя подпісы перададуць у Адміністрацыю прэзідэнта.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота president.gov.bу