Прагноз: якім будзе насельніцтва Зямлі ў будучыні



Насельніцтва цэнтральнай Афрыкі можа вырасці да трох мільярдаў чалавек. Латвійская чыгунка церпіць рэкордныя страты. Прэзідэнт Бразіліі зноў здаў станоўчы тэст на каронавірус. Якія яшчэ тэмы сёння ў фокусе сусветнай прэсы, даведаемся з агляду Кастуся Багушэвіча.

Навуковае выданне Lancet апублікавала прагноз, якім будзе насельніцтва Зямлі ў будучыні.

Паводле даследчыкаў, насельніцтва планеты праз 44 гады дасягне 9 мільярдаў 700 мільёнаў, але затым пачне змяншацца і да канца стагоддзя скароціцца на 900 мільёнаў чалавек. Скарачэнне будзе абумоўлена штораз лепшай адукацыяй жанчын, іх незалежнасцю і яшчэ большым распаўсюдам кантрацэптыўных сродкаў. Таксама зробленыя прагнозы і па насельніцтве асобных краін і рэгіёнаў. Латвія, якая ўжо цяпер мае дэмаграфічныя праблемы, зменшыцца па насельніцтве да канца стагоддзя на 78%, стаўшы амаль пустой. 77% насельніцтва страціць Сальвадор. У той жа момант афрыканскія Нігер, Чад, Паўднёвы Судан і Малі павялічаць сваё насельніцтва ў шмат разоў. Цяпер у гэтых дзяржавах адна маці нараджае ў сярэднім 7 дзяцей, але многія не жывуць доўга. Паляпшэнне санітарных умоваў здольнае істотна зменшыць дзіцячую смяротнасць у Афрыцы, а таму насельніцтва кантыненту рэзка павялічыцца. Праз паўстагоддзя ў цэнтральнай Афрыцы насельніцтва будзе складаць каля 3 мільярдаў чалавек.

Прэзідэнт Бразіліі Жаір Балсанару зноў станоўчы на Кавід-19, але ён пачуваецца добра. „Я прайшоў праверку ўчора раніцай, і вынік мінулай ночы паказаў, што я ўсё яшчэ станоўчы на вірус”, — сказаў Балсанару ў відэазвароце, размешчаным у сацыяльнай сетцы Твітэр. У мінулы аўторак 65-гадовы палітык, які разам са сваім урадам адмаўляў цяжкасць новай пандэміі каронавірусу, абвясціў аб станоўчым тэсце.

Ён сказаў бразільскай рэдакцыі CNN, што ў яго няма ліхаманкі і іншых дыхальных праблем і ён не страціў пачуццё смаку. Ён таксама сказаў, што аналіз крыві і сэрца не паказаў нічога незвычайнага. Балсанару працуе ў прэзідэнцкай рэзідэнцыі ў горадзе Бразіліа і праводзіць сустрэчы з міністрамі па відэаканферэнцыі. Бразілія зафіксавала амаль два мільёны выпадкаў каронавіруса, што з’яўляецца самым высокім у свеце паказчыкам пасля ЗША. Ад хваробы ў Бразіліі памерлі больш за 75 000 чалавек. Эксперты лічаць, што гэтыя лічбы значна вышэйшыя, паколькі Бразілія, у якой пражываюць каля 120 мільёнаў чалавек, выпрабоўвае на вірус вельмі мала людзей, адзначае выданне.

Аб’ём грузаперавозак па чыгунцы ў Латвіі ў першым паўгоддзі скараціўся больш чым на 47 працэнтаў, а праз парты прайшло на 30 адсоткаў менш грузаў, піша эстонская газета Äripäev са спасылкай на дадзеныя Міністэрства транспарту суседняй краіны. Каб падтрымаць развіццё інфраструктуры нацыянальнай чыгункі, а таксама захаваць існуючыя лагістычныя сеткі, Кабінет міністраў павялічыў статутны капітал кампаніі. Рашэнне заснавана на доўгатэрміновым эканамічным спадзе ў суседніх краінах з-за каронавіруса. Паказчыкі ўпалі і ў Эстоніі з Літвой. Фінансаванне таксама прызначана для пакрыцця асноўных плацяжоў па крэдытных абавязацельствах, прынятых у папярэднія гады на рэалізацыю інвестыцыйных праектаў. У мэтах пераадолення крызісу і аднаўлення эканомікі ў чыгуначным сектары ў сувязі з негатыўнымі наступствамі „Ковід-19”, а таксама з улікам рэкамендацый Дзяржкантролю і неабходнасці ў поўным аб’ёме фінансаваць пасажырскі сегмент, Кабінет міністраў таксама падтрымаў выдзяленне чыгунцы 14 мільёнаў 225 тысяч еўра, адзначае Äripäev. Гэтыя сродкі прызначаны для кампенсацыі выдаткаў кампаніі на выкарыстанне ў краіне грамадскай чыгуначнай інфраструктуры для чыгуначнага пасажырскага транспарту ў 2020 годзе. У сваю чаргу, Кабінет міністраў Латвіі падтрымаў выдзяленне 13 мільёнаў еўра Міністэрству транспарту, каб кампенсаваць дапамогу чыгунцы.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтаваў Кастусь Багушэвіч.

Фота eadaily.com