Праграма аховы і аднаўлення ясеневых лясоў распрацоўваецца ў Беларусі
Праграма аховы і аднаўлення ясеневых лясоў распрацоўваецца ў Беларусі. Такая інфармацыя размешчана на сайце Міністэрства лясной гаспадаркі.
На базе Негарэльскага вучэбна-доследнага лясгаса адбыўся семінар, асноўнай задачай якога была выпрацоўка агульных падыходаў да ацэнкі масавых лесапаталагічных працэсаў у ясеневых лясах Беларусі, дыягностыка іх прычын і абмеркаванне канцэпцыі праграмы абароны і аднаўлення лясоў гэтай каштоўнай фармацыі.
Асноўныя прычыны ўсыхання ясеня на тэрыторыі Беларусі – халаравы некроз, арміларыёзная гніль каранёў і стваловыя гнілі. Першая прыкмета заражэння халаравым некрозам – бурыя плямы на лісці. Як правіла, хвароба не знішчае дрэва, але робіць яго няўстойлівым, напрыклад, перад другаснымі патагенамі, у ролі якіх у Беларусі выступаюць розныя віды апенек.
Некалькі дзесяцігоддзяў таму ў Еўропу з Усходняй Азіі быў выпадкова ўвезены небяспечны фітапатагенны грыб хіменасцыфус, які выклікае паўсюднае пашкоджанне і адміранне галін у ясеневых насаджэннях. Пазней захворванне ахапіла большую частку арэала ясеня звычайнага. У Беларусі хвароба ўпершыню праявіла сябе ў 2003 годзе, скараціўшы плошчу ясеневых лясоў больш як напалавіну. Эфектыўных мер процідзеяння праблеме пакуль не выпрацавана.
Загадчык кафедры лесааховы і драўніназнаўства лесагаспадарчага факультэта БДТУ Вячаслаў Звягінцаў на семінары расказаў аб распрацаваных вучонымі ўніверсітэта рэкамендацыях па маніторынгу другаснай прычыны ўсыхання дрэў – арміларыёзнай гнілі – і растлумачыў асаблівасці праграмы павышэння ўстойлівасці, абароны і аднаўлення ясянёвых лясоў, што распрацоўваецца ў краіне.
Вучоныя і лесаводы-практыкі прыйшлі да заключэння аб мэтазгоднасці інвентарызацыі ясеневых насаджэнняў у Беларусі, каб выявіць устойлівыя папуляцыі ясеня, якія валодаюць каштоўным генетычным матэрыялам для далейшага аднаўлення лясоў.
У рабоце семінара прынялі ўдзел супрацоўнікі Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі, прадстаўнікі БДТУ, установы „Беллесаахова”, РУП „Белдзяржлес”, лесаводы-практыкі Негарэльскага вучэбна-доследнага лясгаса і вучоныя Эстонскага ўніверсітэта прыродазнаўчых навук.