Прайшлі вучэнні па рэагаванні на радыяцыйныя аварыі
У Астравецкім раёне (Гарадзенская вобласць) 11 кастрычніка прайшлі дэманстрацыйныя вучэнні па адпрацоўцы дзеянняў у выпадку радыяцыйнай аварыі на Беларускай АЭС.
У вучэннях былі задзейнічаныя органы кіравання і сілы Гарадзенскай абласной падсістэмы дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый.
Усе этапы вучэнняў дэманстраваліся ўрадавай дэлегацыі на чале з намеснікам прэм’ер-міністра Уладзімірам Кухаравым. За вучэннямі таксама назіралі міністры – энергетыкі Уладзімір Каранкевіч, унутраных спраў Юрый Караеў, па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Вашчанка, намеснік міністра абароны Андрэй Бурдыка, кіраўніцтва Гарадзенскага аблвыканкама, Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа і іншыя.
Згодна са сцэнарам на першым энергаблоку БелАЭС адбылася пазапраектная аварыя, выкліканая цечай цепланосьбіта першага контуру ў другі контур парагенератара № 2 з выкідам радыеактыўнай пары ў навакольнае асяроддзе. Арганізатары вучэнняў неаднаразова падкрэслівалі, што гэта «фантастычны сцэнар», які «тэхнічна немагчымы». Ён неабходны толькі для таго, каб апраўдаць шэраг эпізодаў, напрыклад, эвакуацыю жыхароў найбліжэйшых паселішчаў.
Падчас вучэнняў пра аварыю апавясцілі органы кіравання і сілы, задзейнічаныя ў сістэме аварыйнага рэагавання. Быў запушчаны ўнутраны аварыйны план. Крызісны цэнтр БелАЭС паставіў задачы па супрацьаварыйных дзеяннях у межах прамысловай пляцоўкі станцыі і санітарна-ахоўнай зоны, спрагназаваў варыянты развіцця падзей, перадаў інфармацыю пра становішча Міністэрству энергетыкі, расейскай дзяржкарпарацыі «Расатам», у сістэму сітуацыйных крызісных цэнтраў.
Быў абвешчаны збор груп па ліквідацыі надзвычайных сітуацый, сфармаваны з персаналу БелАЭС, у прыватнасці аварыйных груп лакалізацыі і ліквідацыі аварый на рэактарным абсталяванні, на сістэмах забеспячэння і гідратэхнічным абсталяванні; групы дэзактывацыі і санітарнай апрацоўкі; санітарнай дружыны і інш. Астатні персанал АЭС правёў вучэбную эвакуацыю.
Супрацоўнікі Астравецкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях адпрацавалі на станцыі дзеянні па тушэнні масіўнага рэзервуара з дызельным палівам ва ўмовах радыеактыўнага заражэння мясцовасці.
З вёскі Баброўнікі, што паблізу станцыі, эвакуявалі 80 жыхароў, ролі якіх выканалі статысты. Перад гэтым была пратэставаная сістэма абвяшчэння, людзям выдалі сродкі засцярогі. Каля вёскі размясцілі пункт аховы правапарадку, медыцынскай і псіхалагічнай дапамогі, ёднай прафілактыкі, таксама быў арганізаваны пункт збору для эвакуацыі.
Недалёка ад вёскі быў арганізаваны кантрольна-размеркавальны пункт з пунктамі рэгістрацыі транспарту, грамадзян, радыяцыйнага кантролю насельніцтва і тэхнікі, санітарнай апрацоўкі, забеспячэння, медыцынскім пунктам.
Пасля вучэнняў віцэ-прэмʼер Кухараў паведаміў журналістам, што вучэнні паказалі «поўную гатоўнасць усіх сіл да правядзення неабходных мерапрыемстваў». Паводле яго слоў, усё было «ва ўзгодненых з МАГАТЭ рамках і строга па тых правілах, якія прадпісваюцца».
«Вучэнні паказалі, што ўсе службы гатовыя ў выпадку ўзнікнення пазаштатных сітуацый прыняць усе меры па ліквідацыі надзвычайных сітуацый. Усе цалкам абсталяваныя, цалкам гатовыя да мерапрыемстваў. Сённяшнія мерапрыемствы яшчэ раз даказалі, што ў выпадку прымянення неабходных мерапрыемстваў бяспека жыхароў будзе цалкам забяспечаная», – сказаў намеснік кіраўніка ўрада.
Беларуская АЭС узводзіцца паблізу Астраўца (Гарадзенская вобласць) за кошт крэдыту Расеі па тыпавым расейскім праекце ВВЭР-1200. Крэдытная лінія да 10 млрд долараў на будаўніцтва станцыі адкрытая да 2035 года. Ядзернае паліва, як чакаецца, паступіць на атамную станцыю восенню. Завяршыць увод у эксплуатацыю першага энергаблока АЭС плануецца ў пачатку 2020 года. Мяркуецца, што атамная станцыя будзе выпрацоўваць 18 млрд кВт·гадз электраэнергіі штогод.