Аляксандра Меха пакаралі штрафам (абноўлена)



1 лістапада.   Грамадскі актывіст Аляксандр Мех з Кобрыні пакараны штрафам у 5 базавых велічынь. Суддзя Кобрыньскага суда Пятро Цімашэнка, нягледзячы на шматлікія доказы невінаватасці Меха, судова-медычную экспертызу аб пабоях актывіста, вырашыў, што Мех не падпарадкаваўся АМАПаўцам. Аляксандр Мех лічыць вырак суда несправядлівым і незаконным:

Каб прыкрыць тое злачынства, што яны зрабілі 10 жніўня, калі было пастаўлена гэтае прыстасаванне з пранікненнем у кватэру, 15 жніўня яны такім чынам нас зачысцілі, каб была магчымасць гэтае прыстасаванне зняць. А суддзя сваім рашэннем апраўдаў усе гэтыя злачынныя дзеянні міліцыянтаў, якія ставілі гэтае прыстасаванне для праслухоўвання, і тых АМАПаўцаў, якія нас збівалі.

Паводле Аляксандра Меха, ён будзе абскарджваць рашэнне суда. Таму што менавіта гэтым працэсам прыкрыты злачынствы людзей у пагонах. Мех ведае бесперспектыўнасць звароту ў вышэйшыя судовыя інстанцыі. Але іх трэба прайсці для звароту у Камітэт па правах чалавека ААН.

31 кастрычніка.   Адбылося паўторнае судовае разбіральніцтва па адміністрацыйнай справе актывіста Аляксандра Меха з Кобрыня. Судовы працэс вядзе суддзя Пятро Цімашэнка. У судзе выступілі два супрацоўнікі АМОНу – Руслан Гінцэвіч і Дзмітрый Крэчка, якія збілі Меха і яго знаёмага Зміцера Чарніцкага ў жніўні пры выхадзе з пад’езда, дзе жыве Чарніцкі. Гінцэвіч і Крэчка блыталіся, хоць адчувалася, што гэтыя паказанні былі падрыхтаваны загадзя, кажа Руслан Гінцэвіч:

– Мы ўвайшлі ў пад’езд.  Карповіч назваў сябе, паказаў службовае пасведчанне і растлумачыў гаспадару кватэры мэту нашага візіту. Гаспадар кватэры, у якой мусіў быць вобшук, пачаў нас абражаць.

Па словах АМАПАўцаў,  ім нічога не заставалася, як паваліць, скруціць рукі і накласці наручнікі. Тое самае было зроблена і з Мехам. Бо ён пачаў крычаць “што вы робіце” і пагражаць нам, “што будзе пісаць, што мы ім не даем жыць”. Збіццё Меха і Чарніцкага яны адмаўляюць, нягледзячы на заключэнне судова-медычнай экспертызы, кажа маці Чарніцкага:

– У сына  разбілі падбародак. Ён быў увесь у крыві. У яго былі збітыя калені і рукі. Яго  ўвесь час ванітавала, круцілася галава.

15 жніўня Аляксандр Мех знайшоў праслухоўку ў кватэры Зміцера Чарніцкага. Пасля гэтага яны выйшлі з кватэры, каб паставіць у вядомасць гаспадыню кватэры – маці Чарніцкага –  і паведаміць у міліцыю. На выхадзе з пад’езда на іх напалі людзі ў чорным адзенні і чорных масках, жорстка збілі і завезлі ў міліцыю, а затым у суд. Першы суд апраўдаў Меха. Але рашэнне было абскарджана начальнікам міліцыі. Рашэнне паўторнага суда будзе агучана 1 лістапада.

Поўны гук у далучаным файле.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя