Прайсці рэпетыцыйнае тэставанне анлайн можна будзе з 19 мая



З 19 мая рэпетыцыйнае тэставанне (РТ) можна будзе прайсці анлайн на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў, паведамілі  ў РІКВ.

У сувязі з эпідэміялагічнай абстаноўкай многія пункты правядзення рэпетыцыйнага тэставання адмянілі запланаваныя раней на май сеансы РТ. «З 19 мая ўсім жадаючым будзе прадастаўлена магчымасць прыняць удзел у трэцім этапе рэпетыцыйнага тэставання ў электронным фармаце ў анлайн-рэжыме на сайце РІКВ», – праінфармавалі ў інстытуце.

Для ўдзелу ў РТ абітурыентам будзе неабходна, як і раней, зарэгістравацца ў сваім асабістым кабінеце на сайце РІКВ.

«Пры рэгістрацыі можна будзе скарыстацца адной або некалькімі свабоднымі аплатамі, якія былі вернуты пры адмене раней запланаваных сеансаў рэпетыцыйнага тэставання, або правесці аплату пры дапамозе сістэмы «Разлік» (АРІП)», – растлумачылі ў РІКВ.

Рэпетыцыйнае тэставанне арганізуецца па 15 навучальных прадметах за курс агульнай сярэдняй адукацыі: руская мова, беларуская мова, фізіка, матэматыка, хімія, біялогія, замежная мова (англійская, нямецкая, іспанская, французская, кітайская), гісторыя Беларусі, грамадазнаўства, геаграфія, сусветная гісторыя (навейшы час).

БелТА