Пракуратура агучыла магчымую прычыну атручэння вадаправоднай вады ў Бешанковічах
Магчымай прычынай масавага атручэння вадаправоднай вадой у Бешанковічах стала падтапленне талымі водамі станцыі абезжалезвання, паведамляе прэс-служба Віцебскай абласной пракуратуры.
Абставіны здарэння, якое пацягнула масавае атручэнне жыхароў мікрараёна Маладзёжны ў гарадскім пасёлку Бешанковічы, гаворыцца ў паведамленні, правяралі пракуратуры Віцебскай вобласці і Бешанковіцкага раёна. Падчас праверкі супрацоўнікі пракуратуры „агледзелі збудаванні і сеткі станцыі абезжалезвання вады (САВ), узялі тлумачэнні па факце аварыйнай сітуацыі, далі ацэнку дзеянням службовых асоб УП „Віцебскаблвадаканал” і Бешанковіцкага райвыканкама”.
„Адной з магчымых прычын трапляння ў пітную ваду ўмоўна патагеннай мікрафлоры пракуроры назвалі падтапленне павільёна САВ верхавымі (талымі) і прамывальнымі водамі, якія праніклі ў негерметычна замацаваны рэзервуар з ачышчанай вадой”, — гаворыцца ў паведамленні.
Як высветлілася, падтапленне павільёна адбылося ў сярэдзіне сакавіка 2021 года. Падчас прыёмкі станцыі ў эксплуатацыю ў сярэдзіне мая 2020 года і пасля такая негерметычнасць не была выяўленая. Пры гэтым „Віцебскаблводаканал”, парушаючы заканадаўства, не правёў санітарную апрацоўку і дэзынфекцыю збудаванняў і сетак цэнтралізаванай сістэмы пітнога водазабеспячэння пасля завяршэння будаўнічых і рамонтных работ.
„Пракуроры прыйшлі да высновы, што недастатковы ўзровень гатоўнасці персаналу філіяла „Лепельводаканал” УП „Віцебскаблводаканал” да ўзаемадзеяння з дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі, экстраннымі аператыўнымі службамі, нізкая інфармаванасць насельніцтва аб парадку дзеянняў пры здарэннях і надзвычайных сітуацыях сталі прычынай масавага атручэння жыхароў пасёлка”, — адзначыла служба інфармацыі.
Як паведамлялася, у апошнія дні сакавіка жыхары ў мікрараёне вуліцы Маладзёжнай у Бешанковічах пачалі скардзіцца на якасць вадаправоднай вады. Зарэгістраваныя звароты ва ўстановы аховы здароўя са скаргамі на ваніты, дыярэю, павышэнне тэмпературы цела.
На 1 красавіка ўсяго ў мясцовую райбальніцу былі шпіталізаваныя 17 чалавек, у тым ліку некалькі дзяцей, іх стан быў здавальняючым.
Як паведаміла Міністэрства аховы здароўя 2 красавіка, папярэднія лабараторныя даследаванні пробаў вады не выключаюць, што захворванні былі выкліканыя наравірусам.
Фота: prokuratura.gov.by