Пракуратура аспрэчыла рашэнне суда па справе плакату «Зямля – сялянам! Калі?»



Пракуратура Кобрыньскага раёна аспрэчыла рашэнне Кобрыньскага суда па адміністрацыйнай справе жыхара вёскі Малыя Прылукі Сцяпана Дубчука, які на святкаванне 100-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі на плошчы горада прыйшоў з плакатам: «Зямля – сялянам! Калі?».

Зыходзячы з таго, што Сцяпан Дубчук прыняў удзел у дазволеным мерапрыемстве, суддзя Пётр Цімашэнка спыніў справу з прычыны адсутнасці складу правапарушэння.

Але пракуратура не пагадзілася з такім рашэннем. Пракурор Кобрыньскага раёна, старэйшы саветнік юстыцыі Аляксандр Петрасюк накіраваў пратэст у Берасцейскі абласны суд для адмены рашэння. Не зважаючы, што Дубчук знаходзіцца на бальнічным пасля інсульту, які разбіў вяскоўца адразу пасля суда. Суд цягнуўся некалькі месяцаў.

 Кажа Сцяпан Дубчук:

— Я зайшоў у пракуратуру і кажу, што выходзіць за зарплату ад падаткаплацельшчыкаў замест таго, каб абараняць грамадзяніна, пасля таго як суд яго ўжо абараніў, вы абараняеце міліцыю? Гэты пракурор ведаў, што ў мяне здарыўся інсульт і ўсё адно піша скаргу. Яму абыякава, што чалавек памірае з-за гэтых судоў.

Сцяпан Дубчук змагаўся тры гады за выдзяленне 3 гектараў зямлі пад сад. Не атрымаўшы зямлі,  выйшаў на свята, каб паказаць, што гучнае абяцанне: «Зямля – сялянам!» да гэтага часу не выканана.

Беларускае Радыё Рацыя