Пракуратура Берасця папярэдзіла праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода



У пракуратуру Берасця 10 кастрычніка выклікалі семярых праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, гэтых жыхароў Берасця і Берасцейскага раёна выклікалі позвамі для давання тлумачэння пра абставіны, звязаныя з парушэннем заканадаўства аб парадку правядзення масавых мерапрыемстваў.

„У пракуратуры ім паведамілі: ёсць звесткі, што 14 кастрычніка рыхтуецца несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. Кожнаму абвясцілі афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння закона „Аб масавых мерапрыемствах”. Самі афіцыйныя папярэджанні пракуратура даць адмовілася”, — сказаў праваабаронца.

Аналагічнае папярэджанне 10 кастрычніка пракуратура Бярозаўскага раёна вынесла мясцоваму актывісту Аб’яднанай грамадзянскай партыі блогеру youtube-праекта „Народны рэпарцёр” Аляксандру Кабанаву.

„Аб якім масавым мерапрыемстве ідзе гаворка, невядома. Таму такія папярэджанні — запалохванне людзей, якія супраць будаўніцтва акумулятарнага завода”, — заявіў праваабаронца. На яго думку, улады хочуць задушыць пратэст супраць гэтай небяспечнай будоўлі.

4 кастрычніка судом Ленінскага раёна Берасця за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў былі аштрафаваныя на 45 базавых велічынь блогер Сяргей Пятрухін, на 14 базавых велічыняў — праціўнік будаўніцтва акумулятарнага завода Канстанцін Астапук.

8 кастрычніка за аналагічнае правапарушэнне гэтым жа судом праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода Андрэй Астапчук і Таццяна Фесікава былі аштрафаваныя на 10 базавых велічыняў кожны.

10 кастрычніка яшчэ адна праціўніца завода Юлія Зубік атрымала штраф у 5 базавых велічынь. Рашэнне таксама прыняў суд Ленінскага раёна горада.

Гэтыя людзі атрымалі адміністрацыйнае спагнанне за тое, што 30 верасня на іх вопратцы падчас знаходжання на плошчы Леніна, дзе па нядзелях з лютага збіраюцца праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода, былі налепкі супраць гэтай будоўлі. Фесікава прыцягнутая да адказнасці за наклейванне такіх налепак на адзенне прысутных на плошчы.

Будаўніцтва акумулятарнага завода ТАА „АйПаўэр” вядзецца на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Брэст”. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.

Жыхары лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі гэтага праекта і дамагаюцца прыпынення будаўніцтва. У прыватнасці яны падавалі заяўкі на правядзенне ў абласным цэнтры шэрагу акцый супраць будаўніцтва акумулятарнага завода, але гарвыканкам санкцыянаваў толькі адну — 29 красавіка. У той дзень на мітынг у парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў сабралася прыблізна дзве тысяч чалавек.

belapan.by