Пракуратура Бярозаўскага раёна вынесла папярэджанне Аляксандру Кабанаву



Пракуратура Бярозаўскага раёна вынесла папярэджанне мясцоваму актывісту Аб’яднанай грамадзянскай партыі блогеру youtube-праекта „Народны рэпарцёр” Аляксандру Кабанаву.

Як паведаміў БелаПАН Кабанаў, 21 лютага яму дадому прынеслі позву, згодна з якой ён павінен быў з’явіцца ў гэты дзень у 16.00 у пракуратуру „для давання растлумачэння пра абставіны, звязаныя з парушэннем заканадаўства аб парадку правядзення масавых мерапрыемстваў”.

У пракуратуры Кабанаву паведамілі, што з Берасцейскага гарвыканкама паступіла інфармацыя аб размешчанай у інтэрнэце яго заяве пра тое, што калі на працягу тыдня ўлады горада і вобласці не спыняць будаўніцтва акумулятарнага завода пад Берасцем, ён 25 лютага ў 12.00 выйдзе на плошчу Леніна ў абласным цэнтры ў знак пратэсту супраць узвядзення прадпрыемства.

„На гэтай падставе мне ўручылі афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння палажэнняў закона „Аб масавых мерапрыемствах”, — сказаў Кабанаў. — Улады Берасця не захацелі сустракацца з жыхарамі горада з нагоды будаўніцтва акумулятарнага завода і замест таго, каб паслухаць людзей, падтрымліваюць бізнесмена Віктара Лемяшэўскага, які будуе гэтае прадпрыемства”.

Кабаноў заявіў, што прыйдзе 25 лютага на галоўную плошчу Брэста прагуляцца. „Я не лічу гэта парушэннем заканадаўства. А калі да мяне будуць падыходзіць людзі, вітацца і размаўляць, гэта не будзе несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам”, — сказаў актывіст.

Узвядзенне акумулятарнага завода пачалося на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Брэст”. Будуе прадпрыемства ТАА „АйПаўэр” — рэзідэнт СЭЗ. Падрадчык будаўніцтва — кітайскае ТАА „Аньхойская знешнеэканамічная будаўнічая карпарацыя”. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.

Жыхары Брэсцкага раёна і Брэста лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю, і падпісваюцца за прыпыненне будаўніцтва. На сайце праціўнікаў будаўніцтва stopzavod.by паведамляецца, што падпісалася ўжо амаль 37 тыс. чалавек.  БелаПАН