Пракуратура: Каменданцкая гадзіна ў Глыбокім мела навучальны характар



Пракуратура Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці не знайшла парушэнняў з боку райвыканкама, які абвясціў аб увядзенні ў раёне каменданцкай гадзіны на час беларуска-расейскіх вучэнняў „Захад-2017” (14—20 верасня).

Гэта вынікае з адказу ведамства на заяву юрыста закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра „Вясна” Валянціна Стэфановіча аб парушэнні службовымі асобамі Глыбоцкага райвыканкама заканадаўства ў частцы незаконнага ўвядзення каменданцкай гадзіны.

„Праверкай па звароце ўстаноўлена, што Глыбоцкім райвыканкамам афіцыйнае рашэнне аб увядзенні каменданцкай гадзіны не прымалася, а размяшчэнне 14 верасня на сайце райвыканкама адпаведнай інфармацыі мела толькі навучальны характар у межах вучэнняў па тэрытарыяльнай абароне і нейкіх абмежаванняў правоў і свабодаў грамадзян не несла”, — напісаў пракурор Глыбоцкага раёна Ігар Валынец. На яго думку, падстаў для прыняцця мер пракурорскага рэагавання няма.

У той жа час праваабаронца адзначае, што грамадзяне былі праінфармаваныя аб каменданцкай гадзіне не толькі праз сайт Глыбоцкага райвыканкама, але і праз абвесткі, якія былі развешаныя ў горадзе.

belapan.by