Пракуратура не бачыць падлогу дакументаў у дзейнасці кампаніі „Вецер”



Жыхары дамоў 93 і 95 па праспекце Незалежнасці і жыхары вуліцы Талбухіна, якія змагаюцца супраць незаконнай, на іх думку, пабудовы бізнес-цэнтру ў двары дамоў, што ўваходзяць у ахоўную зону, атрымалі адказ з Пракуратуры горада Менска. Актывісты прасілі разабрацца, як атрымалася, што дакумент з Міністэрства культуры пад аднымі і тымі жа зыходнымі нумарам і датай змяшчае розную інфармацыю.

Прадстаўнік Мінкульта і прадстаўнік забудоўшчыка – кампаніі „Вецер” працытавалі ў судзе абсалютна розныя дакументы, прычым у тэксце Мінкульта ўказвалася на неабходнасць карэктавання праекта, а ў тэксце, прадстаўленым „Ветрам” паведамлялася, што праект дапрацаваны. Адзін з аўтараў пазову Аляксандр Жук лічыць, што ў дзейнасці забудоўшчыка ўсё роўна ёсць парушэнні:

– Я хачу падкрэсліць, што нягледзячы на станоўчыя заключэнні ўсіх экспертыз, усё роўна, на мой погляд, заўважныя парушэнні заканадаўства. Можна казаць пра тое, што ў прынцыпе заключэнні дадзены ў парушэнне некаторых норм заканадаўства.

Як паведаміла пракуратура Менска, Міністэрству культуры даручана праверыць адпаведнасць дакументацыі ТАА „Вецер” з патрабаваннямі іншых дакументаў, якія дазваляюць будаўніцтва.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск