Пракуратура падтрымала скаргу праваабаронцы
Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Гарадзенскага аблвыканкама і кіраўніцтва гэтай структуры парушаюць беларускае заканадаўства. Такую выснову зрабіла абласная пракуратура пасля скаргі праваабаронцы Рамана Юргеля, які паведаміў, што не своечасова атрымаў адказ на свой зварот: замест трох дзён чаканне працягнулася шаснаццаць.
З матэрыялаў праверкі, якую ажыццяўляла пракуратура, вынікае, што адзін з чыноўнікаў Гарадзенскага аблвыканкамама быў пазбаўлены прэміяльных выплат за несвоечасовы адказ.
Аднак праваабаронца Раман Юргель мае намер прыцягнуць да адказнасці і кіраўніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Паўла Скрабко:
– Чаму яны не адрэагавалі на нізкі кантроль з боку кіраўніка аддзела ідэалогіі Гарадзенскага аблвыканкамама Паўла Скрабко? Кожны кіраўнік нясе адказнасць за сваіх работнікаў, за свае кадры, у тым ліку ў час выбарчай кампаніі, калі адказы ўсе органы па пытаннях выбарчых кампаній павінны даваць у трохдзённы тэрмін.
У свой час незалежны назіральнік Раман Юргель зрабіў запыт, датычны парушэнняў выбарчага заканадаўства органамі выканаўчай улады, якія не апублікавалі ў інтэрнэце інфармацыю пра месцы, забароненыя для правядзення пікетаў па зборы подпісаў выбарцаў. Абыякавае стаўленне да выканання сваіх абавязкаў чыноўнікаў галоўнага ўпраўлення ідэалогіі вымусіла праваабаронцу звярнуцца ў пракуратуру і прыцягнуць да адказнасці тых, хто парушае заканадаўства.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня