Пракуратура папярэдзіла галоўнага рэдактара „Брэсцкай газеты”
Афіцыйнае папярэджане ад пракуратуры абвешчана галоўнаму рэдактару „Брэсцкай газеты”. Падставай стаў удзел у відэароліку, які быў выкладзены на Ютуб.
У ім вядомыя грамадскія ды культурніцкія дзеячы Берасцейшчыны выступілі супраць гвалту і рэпрэсій, што адбываюцца ў краіне, – распавёў сам Віктар Марчук:
– Мне і адвакату ў пракуратуры зачыталі тэкст заранёў падрыхтаванай паперы. Сэнс зводзіўся да таго, што ў роліку была дапушчана недакладная інфармацыя. Пасля таго, як мне зачыталі гэты тэкст, я спытаўся ў работніка пракуратуры, які чытаў гэты тэкст, у чым менавіта недакладнасць інфармацыі. На гэтае пытанне я адказу не атрымаў.
Галоўны рэдактар „Брэсцкай газеты” Віктар Марчук адзначыў, што пакуль што цяжка сказаць, ці ёсць сувязь паміж непрацягненнем дамовы на друк выдання і выклікам у пракуратуру. Але відавочна — працягваецца ціск на прадстаўнікоў незалежных медыя.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота: brestcity.com