Пракуратура прыпыніла доступ да рэсурсу media-polesye.bу



Гэта стала вядома з афіцыйнага паведамлення службы інфармацыі згаданага дзяржаўнага органа:

– Пракуратура Берасцейскай вобласці ў межах нагляднай дзейнасці ўстанавіла шматлікія парушэнні сеткавым выданнем media-polesye.bу Закона Рэспублікі Беларусь аб сродках масавай інфармацыі. У шэрагу публікацый, размешчаных на згаданым рэсурсе, з’явіліся фотаздымкі і відэа з інтэрнэт-сайтаў, інфармацыйную прадукцыю якіх суд раней прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі, а таксама гіперспасылкі на такія сайты. Асобныя артыкулы суправаджаліся відэаматэрыяламі, якія відавочна негатыўна характарызавалі грамадска-палітычную сітуацыю ў краіне пасля завяршэння выбарчай кампаніі і дыскрэдытавалі дзейнасць дзяржаўных і праваахоўных органаў.

Паведамленне пракуратуры Берасцейшчыны пракаментаваў кіраўнік юрыдычнай службы ліквідаванага грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Алег Агееў:

– Абмежаванне доступу да сайта media-polesye.bу – гэта, безумоўна, парушэнне свабоды выказвання, парушэнне права на распаўсюд інфармацыі. І мы бачым у дзеянні тыя змены ў заканадаўстве аб сродках масавай інфармацыі, якія былі ўнесеныя сёлета ў траўні.  Нагадаю, пракурору былі нададзеныя паўнамоцтвы па блакаванні доступу да інтэрнэт-рэсурсаў і сеткавых выданняў.

Прадстаўнікі рэдакцыі media-polesye.bу ад каментара пакуль устрымаліся, са спасылкай на тое, што чакаюць нейкага адказу з Міністэрства (інфармацыі). Сам сайт на тэрыторыі Беларусі  сапраўды не адкрываецца ў некаторых браўзерах праз звычайнае інтэрнэт-злучэнне.

Беларускае Радыё Рацыя