Пракуратура прызнала скаргу Сяргея Верамеенкі слушнай



Пракуратура прызнала скаргу гарадзенца Сяргея Верамеенкі слушнай і вярнула рашэнне па яго сапсаваным планшэце ў міліцыю. Справа ў тым, што зламаны гаджэт быў рэчавым доказам таго, што рамеснік Сяргей Барэйша выхапіў планшэт з рук Верамеенкі, калі той здымаў яго, і сапсаваў прыладу.

У міліцыі відэафайл „не здолелі” адкрыць , і ён як рэчавы доказ не быў далучаны да вынікаў праверкі, бо чамусьці „сапсаваўся”. У дзеяннях Барэйшы міліцыя не выявіла парушэння закону. Цяпер пракуратура падтрымала Сяргея Верамеенку.

– Самае галоўнае, я хачу атрымаць маральную кампенсацыю з таго чалавека, які малюе Пуціна ды Сталіна. Я хачу, каб ён гэтага больш не рабіў. Па-другое, хачу, канешне ж, дамагчыся, каб ён кампенсаваў мне матэрыяльныя страты.  Тым больш, што ў мяне ёсць доказы. У маім планшэце, які быў напалову даследаваны падчас экспертызы, застаўся відэазапіс. Ён пашкоджаны. Але я паўторна магу аддаць планшэт на даследванне.

Здарэнне адбылося 7 сакавіка, калі рамеснік Барэйша прадаваў выяву Пуціна на Савецкай вуліцы Гародні. Пазней яго заўважалі за продажам выявы яшчэ аднаго персанажа імпэрскай Расеі – Сталіна.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня