Пракуратура разгледзіць заяву Севярынца аб канфіскацыі рукапісу



Пракуратура разгледзіць заяву сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Паўла Севярынца аб канфіскацыі ў яго старонак рукапісу другой часткі кнігі „Беларусалім” падчас адбыцця адміністрацыйнага арышту з 30 чэрвеня па 10 ліпеня ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна ў Менску.

Як паведаміў БелаПАН палітык, 17 лiпеня ён атрымаў адказ з Генпракуратуры на сваю заяву. У ім гаворыцца аб „арганізацыі разгляду звароту” Севярынца „пра магчымае парушэнне заканадаўства супрацоўнікамі ЦІП ГУУС Менгарвыканкама”.

Паводле слоў Севярынца, 5 ліпеня каля 21.00 падчас праверкі ў яго забралі 11 старонак рукапісу рамана „Беларусалім. Сэрца святла”, які ён пісаў у камеры. „У той жа дзень я напісаў заяву на імя начальніка ЦІП, перадаў яе дзяжурнаму на праверцы 6 ліпеня. Адказу на сваю заяву я так і не атрымаў„, — расказаў раней БелаПАН палітык.

На наступнай праверцы, паведаміў ён, супрацоўнікі ЦІП „дэманстратыўна раскідалі лісты белай паперы з рэчаў па ўсёй камеры і патапталіся па іх”.

Паводле ўсіх нарматыўных дакументаў, супрацоўнікі ЦІП не могуць адбіраць асабістыя запісы — гэта мая маёмасць. Больш за тое, паколькі я пісьменнік, гэта мой хлеб. Факт канфіскацыі рукапісу і здзекаў я збіраюся данесці да самых шырокіх колаў беларускай і міжнароднай грамадскасці. Лічу гэты факт варварскім і абуральным. Патрабую вярнуць мне рукапіс і пакараць асоб, вінаватых у парушэнні маіх правоў„, — заявіў Севярынец.

Палітыка затрымалі 30 чэрвеня. Рашэнне аб 10-сутачным адміністрацыйным арышце Севярынца было прынята судом Фрунзенскага раёна сталіцы. Некалькі адміністрацыйных пратаколаў у дачыненні да палітыка былі складзеныя ў сувязі з яго удзелам у акцыях пратэсту супраць працы побач з ўрочышчам Курапаты забаўляльнага цэнтра з рэстаранам „Паедзем паядзім”.

Севярынца павінны былі вызваліць 10 ліпеня ў 11.30, аднак да 15.00 пратрымалі ў ЦІП, пасля чаго перавезлі ў Фрунзенскае РУУС. Яго вызвалілі прыкладна ў 16.00. Пра прычыны затрымкі не праінфармавалі.  БелаПАН