Пракуратура высвятляе асобы бацькоў, якія пратэставалі з дзецьмі
Пракуратура Менска „прыняла меры для ўмацавання грамадскага парадку і ўзмацнення неабходных вектараў нагляду”, паведамляе прэс-служба Генеральнай пракуратуры.
У прыватнасці, адзначаецца, што „распачалася праца па ўсталяванні тых бацькоў, якія ўзялі ўдзел у акцыях з малалетнімі дзецьмі”. „У развіццё сітуацыі сталічная пракуратура накіравала ў ГУУС Менгарвыканкама адпаведны ліст, — паведамілі ў прэс-службе нагляднага органа. — Кампетэнтныя органы пасля будуць праінфармаваныя аб дадзеных фактах для разгляду пытання аб магчымай сямейнай непаспяховасці”.
Акрамя таго, „з мэтай папярэджання магчымых парушэнняў заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і невыканання бацькамі абавязкаў па выхаванні іх дзяцей” супрацоўнікі сталічнай пракуратуры вынеслі 140 афіцыйных папярэджанняў, „і гэта праца будзе працягнутая”.
Паведамляецца, што прадстаўнікі пракуратуры Менска прынялі ўдзел у пасяджэннях камісій па справах непаўналетніх „пры разглядзе матэрыялаў у дачыненні да падлеткаў і іх бацькоў, якія ўзялі ўдзел у несанкцыянаваных мітынгах”.
Акрамя гэтага, яны правялі 90 гутарак з „навучэнцамі, студэнтамі і выкладчыцкім складам прафесійна-тэхнічных, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў, школ”. Прадстаўнікі сталічнай пракуратуры, як паведамляецца, сустрэліся з супрацоўнікамі і студэнтамі БДУ, Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, Беларускага інстытута правазнаўства, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Інстытута сучасных ведаў імя Шырокава, Прыватнага інстытута кіравання і прадпрымальніцтва, Менскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа і іншых навучальных устаноў.
Сярод іншага сталічная пракуратура арганізавала „спагнанне выдаткаў, звязаных з дэмантажом незаконна размешчаных элементаў”, а таксама спрыяла прыцягненню да адміністрацыйнай адказнасці „грамадзян, вінаватых у парушэнні правілаў карыстання жылымі памяшканнямі, нормаў аб пажарнай бяспецы, патрабаванняў заканадаўства ў сферы архітэктурнай і будаўнічай дзейнасці” (верагодна, гаворка ідзе пра бел-чырвона-белыя сцягі, якія менчане вывешвалі на сваіх дамах. — БелаПАН.).
„Тэрытарыяльныя падраздзяленні МНС выканалі 87 выездаў для зняцця размешчаных на будынках канструкцый, не прадугледжаных праектнай дакументацыяй, якія парушалі архітэктурна-планіровачныя рашэнні і стваралі пагрозу бяспецы грамадзян, — паведамілі ў Генпракуратуры. — За невыкананне правілаў пажарнай бяспекі да адказнасці згодна з арт. 23.56 КоАП прыцягнута 11 фізічных і 26 юрыдычных асоб. Па згаданых фактах органы пракуратуры горада Менска прынялі меры да спагнання з вінаватых выдаткаў, якія панеслі кампетэнтныя органы пры аднаўленні супрацьпажарнай бяспекі”.
Пракуратура Менска таксама ініцыявала праверкі ў дачыненні да „грамадзян, якія заклікалі да незаконных дзеянняў”. Так, супрацоўнікі пракуратуры Маскоўскага раёна сталіцы правялі праверку ў дачыненні да „старшага выкладчыка БДУ, якая заклікала работнікаў, студэнтаў і іншых асоб узяць удзел у страйку”, пры гэтым, як адзначаецца, „мэтай страйку не ставілася вырашэнне калектыўнай працоўнай спрэчкі”. У наглядным органе сцвярджаюць, што выкладчык „падала петыцыю з палітычнымі патрабаваннямі, размясціла ў адной з груп Telegram публічныя заклікі да арганізацыі і правядзення несанкцыянаванага пікетавання”. Пасля яна была пакараная 15-сутачным арыштам па арт. 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).
Таксама паведамляецца, што сталічная пракуратура выявіла на адным з youtube-каналаў відэа, у якім „грамадзянін заклікаў членаў тэрытарыяльных выбарчых камісій і назіральнікаў да адмовы ад працы ў межах электаральнай кампаніі”, а таксама „распаўсюдзіў недакладныя звесткі пра членаў участковай выбарчай камісіі аднаго з участкаў для галасавання”.
Мужчыну вынесенае афіцыйнае пракурорскае папярэджанне пра „недапушчальнасць паўторнага парушэння заканадаўства”, а Міністэрства інфармацыі накіравала яму „пісьмовае патрабаванне аб ліквідацыі выяўленых парушэнняў”.
„Актывізаваная работа з грамадзянамі ў СМІ, інтэрнэце, у тым ліку на сайтах адміністрацый раёнаў, каб патлумачыць ім прававыя нормы, знізіць сацыяльную напружанасць, папярэдзіць магчымыя супрацьпраўныя дзеянні”, — паведамляе прэс-служба Генпракуратуры.