Пракуратуру просяць разабрацца з расследаваннем забруджвання Дзітвы і Нёмана



Грамадскі актывіст з Бярозаўкі Вітольд Ашурак падаў заяву ў Лідскую пракуратуру з просьбаю разабрацца з тым, што прыпыненае расследаванне па крымінальнай справе аб леташняй экалагічай катастрофе на рэках Дзітва і Нёман.

Нагадаем, што ў чэрвені мінулага года адбыўся зліў нечыстотаў у вышэйзгаданыя рэкі. Грамадскія актывісты выявілі крыніцу забруджвання, якою аказаліся ачышчальныя збудаванні Лідскай ЖКГ. Спачатку там адмаўлялі сваю датычнасць, але пад ціскам грамадскасці ўсё ж прызналі. Па гэтым факце была пачата крымінальная справа, але неўзабаве – прыпыненая. Тлумачыць Вітольд Ашурак:

– Адбылося злачынства, яно патрабуе пакарання. Інакш гэта пагроза для самога грамадства, таму што гэты ланцужок злачынстваў грамадствам перарваны. І цяпер можна адвольна кагосьці караць, прынамсі, як у нашым выпадку пакаралі перш за ўсё тых людзей, якія прыцягвалі ўвагу да гэтай экалагічнай катастрофы, а сапраўдных злачынцаў – няма, не знайшлі. Такім чынам, гэтыя злачынцы могуць і надалей рабіць свае злачынствы.

Мясцовыя ўлады ў сваю чаргу запэўніваюць, што ў гэтым годзе распачнецца шырокамасштабная рэканструкцыя ачышчальных збудаванняў Лідскай ЖКГ. А таксама яны будуць патрабаваць належна абслугоўваць і сачыць за станам такіх жа збудаванняў на прамысловых прадпрыемствах Лідчыны.

Асноўнаю крыніцаю фінансавання для першых выступаюць спонсарскія арганізацыі Еўразвяза.

 

Андрэй Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя