Пракурор Берасцейскай вобласці Клімаў пракаментаваў гібель Генадзя Шутава



Адбылося гэта 6 кастрычніка, на ягонай сустрэчы са студэнтамі Берасцейскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта (БрДТУ). Запіс з яе, быў выкладзены ў інтэрнэт. «Чаму да гэтага часу не расследавана забойства Генадзя Шутава пры наяўнасці дакладных доказаў?», – задалі пытанне з аўдыторыі да пракурора. На што той адказаў:

– Не трэба рабіць папярэдніх высноў. Гэтай асобай ажыццяўляліся супрацьпраўныя дзеянні. Гэта нават не абмяркоўваецца, гэта адназначна. І цяпер вядзецца следства па гэтай справе. Затрыманы другі чалавек, той, які знаходзіўся ў той момант. Ён устаноўлены. Ён доўгі час хаваўся. У дадзены момант ён дае паказанні. І калі будзе суд, вы ўсё даведаецеся. Магу сказаць адно, што там нічога гераічнага з боку гэтага, на жаль, загінуўшага чалавека не было.

Акрамя таго, на сустрэчы студэнты задалі і шэраг іншых пытанняў звязаных з падзеямі апошніх двух месяцаў.

***

Берасцеец Генадзь Шутаў — трэцяя афіцыйна пацверджаная ахвяра пратэстаў супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Яго смяротна паранілі ў двары дома №334 (дваццаціпавярховік) што па вуліцы Маскоўскай. Пазней, ад атрыманых траўмаў ён памёр. Па версіі Следчага камітэту РБ, праваахоўнік «…ненаўмысна параніў яго (Шутава) у вобласць галавы». Дачка Генадзя Шутава — Анастасія Баранчук выказала сваю думку на конт смерці бацькі. Пазней з’‎явілася процьма відэадакументаў звязаных з гібеллю мужчыны, сярод якіх і запіс з камер відэаназірання,  апублікаваны 21 верасня парталам «mediazzzona». Генадзя Шутава пахавалі ў роднай Жабінцы 24 жніўня.

Беларускае Радыё Рацыя