Пракурор не знайшоў парушэнняў утрымання ў віцебскім ІЧУ



Пакараныя арыштамі за “палітычныя” адміністрацыйныя правапарушэнні распавядаюць пра нялюдскія ўмовы на “сутках”. Асабліва цяжкія яны для для дзяўчат і жанчын, якіх цягам месяца каралі то за фотаздымкі пад мастом, то за свечкі да ўгодкаў Чарнобыльскай трагедыі.

Віцебскі журналіст і грамадскі актывіст Уладзімір Кійко, які сустракаў дзяўчат па вызваленні, падсумаваў іхныя аповеды пра ўмовы ўтрымання:

– Скардзіліся, што іх усіх пасадзілі ў адну камеру – адмыслова, каб стварыць умовы, адрозныя ад іншых зняволеных. Забіралі на дзень матрацы, ні разу не вадзілі на прагулку, вельмі вялікая праблема з перадачамі – не перадавалі ежу. Спасылаліся быццам бы на каронавірус, рэчы першай неабходнасці перадавалі, а ежу – не давалі.

Пакараныя арыштамі за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах скардзіліся  і на тое, што існуе праблема трапіць у душ, і што па ІЧУ іх водзяць у кайданках.  Дзяўчаты распавялі таксама, што да іх у камеру прыходзіў прадстаўнік пракуратуры з праверкай, бо маці адной з арыштаваных напісала скаргу ў пракуратуру на парушэнне ўмоваў утрымання, што адбываюцца, па сутнасці, катаванні. Аднак пракурор не заўважыў ніякіх парушэнняў, бо ўмовы ўтрымання не змяніліся.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск