Пракурор просіць Сцяпану Латыпаву 8,5 гадоў калоніі і штраф
Пракурор просіць пакараць палітзняволенага жыхара «Плошчы Пераменаў» Сцяпана Латыпава 8,5 гадамі калоніі і штрафам у 300 базавых, паведамляе праваабарончы цэнтр „Вясна„.
11 жніўня па справе над Сцяпанам Латыпавым адбываюцца спрэчкі бакоў. Пракурор Уладзімір Рабаў просіць прызнаць Латыпава вінаватым па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч.ч. 1, 2 арт. 342, ч. 2 арт. 363, ч. 4 арт. 209. Латыпава абвінавачваюць у стварэнні дваровага telegram-чата, майстэрні па вырабе пратэстнай сімволікі, супраціве супрацоўнікам міліцыі пры затрыманні 15 верасня. Акрамя гэтага, як дырэктара кампаніі „Беларбо” яго абвінавачваюць ва ўвядзенні ў зман кліентаў пры аказанні паслуг па хімічнай абароне раслін. На судзе Латыпаў віну не прызнаў ні па ніводным з эпізодаў, якія яму інкрымінуюцца. Але пракурор папрасіў суд прызнаць Сцяпана вінаватым па трох артыкулах КК і пакараць яго пазбаўленнем волі тэрмінам на восем гадоў і шэсць месяцаў ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафам у памеры 300 базавых велічыняў. Справу разглядае Аляксандр Волк. Заўтра адбудзецца апошняе слова палітвязня.