Пракурор запрасіў пакаранне па крымінальнай справе супраць Алены Гнаўк
У судзе Ленінскага раёна Берасця 2 верасня разглядаецца крымінальная справа па ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса (абраза прэзідэнта) супраць берасцейкі 64-гадавай актывісткі Алены Гнаўк.
У пачатку траўня гэтага года яе асудзілі да двух гадоў «хатняй хіміі» па «справе карагодаў», яна ўжо адбывае пакаранне. Пенсіянерцы можа пагражаць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам ды чатырох гадоў. Справу разглядае суддзя Дзмітрый Куроўскі, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае Міхаіл Булыгін.
Згодна з матэрыяламі справы, Алена Гнаўк 20 красавіка 2021 года, знаходзячыся ў зале Дома правасуддзя ў г. Берасце, у ходзе яе допыту ў якасці абвінавачанай у межах іншай крымінальнай справы выказалася фразай, у якой утрымлівалася абраза ў адрас кіраўніка дзяржавы.
Па словах пенсіянеркі, на разглядзе „справы карагодаў” яна сказала: „9 жніўня мінулага года ўлада захапіў не зусім здаровы псіхічна чалавек…”
Як паведаміла сама Алена, памочнік пракурора — Аляксей Бараноўскі — які падтрымліваў абвінавачванне на «справе карагодаў», напісаў дакладную запіску на імя пракурора Берасця, у якой засведчыў аб „нанясенні цяперашняму прэзідэнту Лукашэнку цяжкай абразы, што ўнясе напружанне і дэстабілізацыю ў краіне”.
Алена на судзе віну не прызнала. Яна падала хадайніцтва аб спыненні крымінальнай справы і аб прызначэнні незалежнай лінгвістычнай экспертызы. Але суддзя Куроўскі адхіліў хадайніцтвы абвінавачанай.
Берасцейская „Вясна” паведамляе, што пракурор Булыгін просіць пакараць Гнаўк двума гадамі „хатняй хіміі”. А ўлічваючы яшчэ і пакаранне ў два гады абмежавання волі без накіравання па карагоднай справе, сумарна пакараць трыма гадамі „хатняй хіміі”.
Прысуд абвесцяць заўтра, 3 верасня, у 15:00.
Актывістка цяпер адбывае пакаранне ў выглядзе „хатняй хіміі” і знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе па крымінальнай справы па ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса.
Алену Гнаўк 7 траўня асудзілі па „справе карагодаў” па ч. 1 арт. 342 КК да двух гадоў „хатняй хіміі”. 24 ліпеня прысуд уступіў у сілу.