Пральная машына і тостар пад арыштам



Актывістка мусіць сплаціць штрафы за акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй, якія праходзілі напрыканцы мінулага года. Рух «За Свабоду» пратэстуе супраць арышту маёмасці сябра Рады арганізацыі Вольгі Быкоўскай. 17 красавіка судовы выканаўца апісала пральную машыну і тостар.

Цяпер Вольга Быкоўская шукае спасобы, каб вырашыць пытанне:

– Я падала заяву на растэрміноўку штрафу ў суд, але пакуль гэтае рашэнне не прынятае, прынамсі мне пра яго нічога невядома. Таму мы заплацілі 200 рублёў. А калі не будзе рашэнне пра растэрміноўку, трэба будзе заплаціць штраф у поўным аб’ёме, таму што інакш гэтыя рэчы могуць быць рэалізаваныя. Судовы выканаўца можа прыйсці з кімсьці, кудысьці гэта панесці і там ужо прадаць гэта ў кошт сплаты штрафу.

Рух «За Свабоду» звяртае ўвагу, у снежні 2019 года ў Беларусі прайшлі акцыі ў падтрымку незалежнасці Беларусі, актыўнымі ўдзельнікамі якіх сталі сябры Руху «За Свабоду». Па дадзеных Праваабарончага цэнтра «Вясна», пакараныя штрафамі і арыштамі былі 132 чалавекі, агульная сума штрафаў склала 144 993 рублі. Рада Руху выказвае з гэтай нагоды рашучы пратэст і лічыць такія дзеянні своеасаблівай формай ціску на актывістаў.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя