Прамежкавыя вынікі конкурсу “Быць палякам”



На Беларусі завершыўся першы этап шостага конкурсу “Быць палякам”, у якім прымалі ўдзел дзеці і моладзь ад 9 да 25 гадоў. Паводле ўмоваў, удзельнікі на падставе пісьмовых і мульты-медыйных працаў на акрэсленыя тэмы, вызначаюць пераможцаў у пяці ўзроставых групах. Удзел у конкурсе, вынікі якога будуць агучаныя ў канцы траўня, прынялі дзясяткі маладых палякаў з Беларусі.

Паводле дырэктара ліцэя пры  грамадскім аб’яднанні “Polska Macierz Szkolna” Антона Пацэнкі, гэта сведчыць пра зацікаўленасць моладзі польскага паходжання пошукамі  сваёй нацыянальнай самасвядомасці, гістарычных каранёў і захаваннем роднай мовы:

– Шмат ахвочых да вывучэння мовы. Праводзім конкурсы, імпрэзы, адзначаем польскія святы грамадскія і рэлігійныя. Гэта ўсё спрычыняецца да таго, што маем перспектывы, што мы прынясём карысць для нашай польскай супольнасці.

У арганізацыі конкурса  “Быць палякам” прынялі ўдзел такія структуры, як Міністэрства замежных спраў Польшчы, таварыства “Wspólnota Polska” і  Еўрапейскі саюз паланійных аб’яднанняў.  Конкурс накіраваны на дзяцей і моладзь польскага паходжання, якія жывуць па-за межамі Польшчы.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня