Прарасейскае шэсце ў Адэсе



Каля 100 прарасейску настроеных людзей 10 красавіка арганізавалі шэсце па Алеі Славы ў Адэсе з нагоды 75-годдзя вызвалення гораду ад фашыстаў. Пра гэта паведаміў рэсурс „Громадське”.

Удзельнікі шэсця пад расейскую музыку прайшлі да Вечнага агню, выкрыкваючы „Одесса – город-герой” і „Вон из Одессы, бандеровские бесы”. 

На акцыі прысутнічалі таксама прадстаўнікі ўкраінскіх патрыятычных арганізацый, але ў канфлікт не ўвязваліся.

У аднаго з мужчын на дэманстрацыі ўбачылі георгіеўскую стужку. Яе спрабавалі забраць праваахоўнікі, але мужчына стаў уцякаць. Урэшце гэтага чалавека затрымалі разам з сынам, які перашкаджаў паліцыі. Абодвух даставілі ў Прыморскае аддзяленне паліцыі. Ім інкрымінуецца непадпарадкаванне паліцыі, а таксама выраб і прапаганда забароненай сімволікі. Напомнім, што 16 траўня 2017 года Вярхоўная Рада ўвяла адміністрацыйную адказнасць за нашэнне георгіеўскай стужкі. 12 чэрвеня таго ж года прэзідэнт Пятро Парашэнка падпісаў закон, які ўвайшоў у дзеянне 15 чэрвеня 2017 года. Паводле яго, за нашэнне георгіеўскай стужкі асобамі, якія не з’яўляюцца ветэранамі вайны, прадугледжаны штраф, а ў разе яе паўторнага выкарыстання – арышт. 

Беларускае Радыё Рацыя