Пратаколы на незалежную журналістку з Бярозы дапрацавалі
25 ліпеня, а 10-й вечара журналісту-фрылансеру Тамары Шчапёткінай прынеслі позву. Яна павінна была явіцца а 10-й раніцы ў Бярозаўскі РАУС для падпісання папраўленых пратаколаў. На судзе Шчапёткіна была здзіўлена, што пратакол быў палічаны суддзёй Аленай Нямковай недапрацаваным. У недапрацаваным пратаколе было напісана, што Шчапёткіна здзейсніла інтэрв’юіраванне І размясціла ў інтэрнетсетцы Радыё Рацыя. Пасля прачытання дапрацаванага пратакола, журналістка зразумела, чаму такі быў доўгі судовы перапынак. Суддзя доўга ламала галаву, як падвесці журналістку пад патрэбны артыкул 22.9, ч.2, кажа Тамара Шчапёткіна:
— Суддзя Алена Нямкова запатрабавала напісаць, што Тамара Шчапёткіна распаўсюдзіла прадукцыю сродкаў масавай інфармацыі. Але ж журналіст не распаўсюджвае прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі і не вырабляе гэтых сродкаў масавай інфармацыі, журналіст збірае інфармацыю, а прадукцыю вырабляе рэдакцыя. Толькі для пакарання спатрэбіліся менавіта гэтыя словы: «прадукцыя масавай інфармацыі».
Паводле Тамары Шчапёткінай, калі будзе працяг судовай справы пакуль – невядома. Журналістку абвінавачваюць за працу на Беларускае Радыё Рацыя без акрэдытацыі.
Беларускае Радыё Рацыя