Пратаколы супраць журналістаў – парушэнне закона
“Беларуская асацыяцыя журналістаў” будзе змагацца з кожнай спробай перашкоды журналістам у выкананні іх прафесійных абавязкаў.
Паводле прэс-сакратара грамадскага аб’яднання Барыса Гарэцкага, выпадак з журналістамі на апазіцыйнай акцыі ў Менску 24 лістапада – гэта грубае парушэнне правоў журналістаў. Прыгадаем, што міліцыянты склалі адміністрацыйныя пратаколы на трох журналістаў, якія асвятлялі акцыю пратэсту супраць дыктатуры. Каментуе Барыс Гарэцкі:
– Згодна з беларускім заканадаўствам, Законам “Аб СМІ”, журналіст мае права прысутнічаць у месцах масавых канфліктаў, у тым ліку збройных, у месцах розных мерапрыемстваў, у тым ліку несанкцыянаваных. Гэта запісана ў артыкуле 34 Закона “Аб СМІ”. Таму журналісты знаходзіліся на акцыі абсалютна законна, яны выконвалі свае прафесійныя абавязкі. Міліцыянты, на наш погляд, паступілі абсалютна неправамерна, склаўшы пратаколы. Мы спадзяемся, што пратаколы не трапяць у суд, а ў міліцэйскага кіраўніцтва хопіць розуму зразумець, што журналісты нічога не парушалі, і гэтыя пратаколы застануцца без разгляду.
“Для нас важна каб гэтыя выпадкі не паўтарыліся”, – дадае Барыс Гарэцкі:
– Калі на гэтай акцыі склалі пратаколы на трох журналістаў, то ніхто не гарантуе, што на наступнай акцыі не будуць складзеныя пратаколы на 10 або 15 журналістаў. Ніхто не гарантуе, што не пачнуцца затрыманні журналістаў. Міліцыянты павінны дакладна ведаць, што журналісты маюць права прысутнічаць на масавых акцыях, у тым ліку і несанкцыянаваных.
Адміністрацыйныя пратаколы ў час акцыі ў Менску склалі на Галіну Абакунчык з “Радыё Свабода”, Кацярыну Андрэеву з “Народнай волі” і Дзмітрыя Галко з “Новага часу”. Складанне пратаколаў адбылося нягледзячы на тое, што ўсе яны мелі пры сабе журналісцкія пасведчанні. Журналісты катэгарычна заяўляюць, што дзейнічалі ў межах заканадаўства і нічога не парушалі.
Прыгадаем, што ўвечары 24 лістапада, каля 200 чалавек прыйшлі на акцыю пратэсту супраць дыктатуры, на якую заклікаў былы палітвязень і кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Мікалай Статкевіч. Дата акцыі была прымеркаваная да дня 24 лістапада 1996 года, калі ў Беларусі адбыўся рэферэндум, які, між іншым, працягнуў тэрмін прэзідэнцкіх паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя.
Фота „Радыё Свабода”