Пратэст пад амбасадай: Палякі супраць русіфікацыі школ
У Варшаве пратэставалі супраць русіфікацыі польскіх школ у Беларусі. Каля дваццаці чалавек сабралася на пікет ля беларускай амбасады, арганізаваны фундацыяй “Маладыя Крэсы”.
Старшыня арганізацыі, студэнт з Ліды Міраслаў Капцэвіч зазначае, што пакуль што пацяпленне адносінаў між Менскам і Варшавай не дапамагло рэалізацыі правоў польскай меншасці, больш таго, сітуацыя значна пагоршылася:
– Я падтрымліваю пацяпленне стасункаў паміж Беларуссю і Польшчай. Калі размова ідзе пра палякаў на Беларусі, то сітуацыя толькі пагоршылася. На маю думку, польскія ўлады мусяць весці дыялог, але калі беларускі бок не будзе рэагаваць, то Польшча мусіць мець якісьці ціск на афіцыйны Менск.
На маніфестацыі выступіў таксама дэпутат Сойму Робэрт Вінніцкі. Палітык зазначыў, што адносіны з Менскам павінны быць настолькі прыязнымі, наколькі беларуская ўлада добра ставіцца да польскай меншасці.
Нагадаем, што ў Беларусі збіраюцца прыняць новыя папраўкі ў заканадаўства, згодна з якімі, выкладанне агульных прадметаў у польскіх школах мае весціся на дзяржаўнай, чытай, расейскай мове.
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава
Фота аўтара