Пратэстанцкую царкву „Новае жыццё” выселілі з дома малітвы



Судовыя выканаўцы 17 лютага выселілі суполку хрысціян поўнага Евангелля „Царква „Новае жыццё” з будынка дома малітвы на вуліцы Кавалёва ў Менску.

Адміністратар царквы Віталь Антончыкаў паведаміў БелаПАН, што прыкладна ў 16.00 будынак закрылі, усе дзверы апячаталі. „Нам нічога не сказалі, але, як мы мяркуем, сёння яны выканалі рашэнне суда. Будынак (а паводле папер ён ужо даўно належыць гораду) яны вярнулі ва ўласнасць гораду. Сёння яны дазволілі нам сякія-такія рэчы забраць, астатняе апячаталі”, — адзначыў ён.

Кажучы пра тое, што зараз будзе рабіць абшчына, Антончыкаў падкрэсліў, што пандэмія каронавірусу „трошкі дапамагла царкве, калі можна так сказаць, многае перавесці ў анлайн-фармат”.

„Цяпер мы, хутчэй за ўсё, будзем актыўна яго выкарыстоўваць, — адзначыў адміністратар „Новага жыцця”. — Але ўсё ж такі мы б не хацелі пакідаць сходы і сыходзіць наогул у падполле, мы хацелі б мець агульныя сходы. Аднак пакуль нават думак няма, куды можна пайсці, каб для такой велізарнай царквы зняць [памяшканне] у арэнду”.

Перспектывы будаўніцтва будынка на новым месцы ў абшчыны пакуль няма. „Былі размовы, асабліва апошнія два гады, што [сталічныя ўлады] нам могуць вылучыць нейкі ўчастак, але пакуль далей за размовы гэта не пайшло. Можа быць, з-за таго, што зараз мы ўсяго пазбавіліся, яны неяк пачнуць гэтае пытанне вырашаць. Але пакуль нічога канкрэтнага ў нас няма”, — сказаў Антончыкаў.

Як паведамлялася, 17 лютага каля 11.00 судовыя выканаўцы ў суправаджэнні супрацоўнікаў міліцыі ўвайшлі ў будынак царквы „Новае жыццё” пасля таго, як камунальныя работнікі адчынілі дзверы.

У царкве ў гэты час знаходзілася каля 50 вернікаў, якія маліліся аб вырашэнні сітуацыі. Антончыкаў паведаміў БелаПАН, што супрацоўнікі органаў „запатрабавалі мікрафон і папрасілі ўсіх людзей пакінуць памяшканне, інакш усе паедуць на „суткі”. Пасля гэтага папярэджання члены суполкі пакінулі будынак.

Праз некаторы час прадстаўнікоў суполкі прапусцілі ўнутр і дазволілі забраць некаторую маёмасць. Астатнія рэчы царквы былі апісаныя, суполка зможа вярнуць іх пазней.

У канцы мінулага года ўпраўленне прымусовага выканання вынесла абшчыне пратэстанцкай царквы „Новае жыццё” чарговы загад з патрабаваннем да 31 снежня выканаць судовы загад ад 23 кастрычніка 2009 года і вызваліць будынак былога кароўніка плошчай 1.621 кв. м па вуліцы Кавалёва, 72. Спаганятым, згодна з дакументам, з’яўляецца ЖРЭА Маскоўскага раёна сталіцы.

У загадзе гаварылася, што ў выпадку невыканання патрабавання прымусовае высяленне адбудзецца 5 студзеня 2021 года ў 11.00. На 10.00 дня высялення царква абвясціла малітоўнае служэнне, на якое сабралася каля 200 вернікаў. Судовыя выканаўцы, якія з’явіліся акурат у пазначаны імі час разам з прадстаўнікамі ЖРЭА, у будынак заходзіць не сталі. Яны ўдакладнілі, ці мае намер суполка высяляцца, і, атрымаўшы адмоўны адказ, склалі адміністрацыйны пратакол у дачыненні да кіраўніцтва царквы за парушэнне загада аб высяленні.

19 студзеня абшчына атрымала позву, якой упраўленне прымусовага выканання абавязала прадстаўнікоў царквы з’явіцца 1 лютага ў сувязі з парушэннем загада суда аб высяленні.

1 лютага судовыя выканаўцы склалі новы адміністрацыйны пратакол па факце парушэння загада суда аб высяленні абшчыны з будынка, аднак пастар Вячаслаў Ганчарэнка яго не падпісаў. Віталь Антончыкаў тады паведаміў БелаПАН, што судовыя выканаўцы маюць намер распачаць чарговую спробу высялення абшчыны 17 лютага.

Варта зазначыць, што 16 студзеня 2019 года ў Менску адбылося грамадскае абмеркаванне плана па ўнясенні зменаў у горадабудаўнічы праект дэталёвага планавання паўднёвай часткі мікрараёна Сухарава. План прадугледжвае будаўніцтва жылля і аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры. На месцы дома малітвы „Новага жыцця” мяркуецца ўзвесці школу.

На нядзельнай казані 10 сакавіка таго ж года пастар Вячаслаў Ганчарэнка сярод іншага сказаў вернікам, што ў царквы „Новае жыццё” будзе „новы цудоўны будынак”. Пазней Антончыкаў растлумачыў БелаПАН, што пастар „настройваў вернікаў на тое, што царкве так ці інакш патрэбны новы дом малітвы — на старым ці новым месцы”.

Выселіць царкву „Новае жыццё” з будынка, у які парафіяне перабудавалі на свае сродкі ў 1992 годзе выкуплены ў дзяржавы напаўразбураны кароўнік, Менгарвыканкам спрабуе ўжо каля 15 гадоў. У 2005 годзе гарадскія ўлады пазбавілі рэлігійную суполку права карыстання зямельным участкам, нягледзячы на тое што ён быў выдзелены ёй бестэрмінова. Каб прыцягнуць увагу грамадскасці да праблем царквы, у кастрычніку 2006 года вернікі правялі пост-галадоўку, якая доўжылася прыблізна месяц. Вернікі змянялі адзін аднаго, пастаянна знаходзячыся ў будынку царквы. Уладам давялося адступіць: сітуацыя вакол „Новага жыцця” атрымала шырокі міжнародны рэзананс, у абарону царквы выступілі прадстаўнікі дэмакратычных сіл, краіны ЕЗ, замежныя палітыкі, святары, рэлігійныя аб’яднанні.

БелаПАН