Пратэстанцкую царкву „Новае жыццё” зноў спрабуюць выселіць



Упраўленне прымусовага спагнання галоўнага ўпраўлення юстыцыі Менгарвыканкама вынесла суполцы хрысціян поўнага Евангелля „Царква „Новае жыццё” чарговае прадпісанне аб высяленні з будынка па вул. Кавалёва, 72, паведаміў БелаПАН адміністратар царквы Віталь Антончыкаў.

„Мы атрымалі ў панядзелак ліст аб тым, што да 31 снежня нам трэба выселіцца, інакш 5 студзеня будуць прымусова высяляць, — сказаў ён. — Гэта ўжо не першае прадпісанне. Заўсёды, калі мы атрымліваем такія лісты, мы ўзмоцнена молімся, каб Гасподзь абараніў нас. Будзем маліцца, спадзявацца, што Гасподзь не адвернецца ад нас і гэтым разам”.

Антончыкаў нагадаў, што кіраўніцтва царквы неаднаразова пісала і сустракалася з прадстаўнікамі сталічных уладаў, каб пытанне са знаходжаннем „Новага жыцця” ў будынку па вул. Кавалёва было вырашана.

„Сітуацыя, калі пытанне ў падвешаным стане, не задавальняе ні царкву, ні ўлады, — адзначыў ён. — Мы вялікая царква, якая, на наш погляд, незаконна і па надуманых прычынах была пазбаўленая зямлі і будынка нябожчыкам [старшынёй Мінгарвыканкама Міхаілам] Паўлавым, замест таго каб неяк дапамагчы. Пакуль сітуацыя не зрушылася”.

На пытанне, ці мае намер кіраўніцтва царквы дамагацца новай сустрэчы са сталічнымі ўладамі, каб зноў паспрабаваць вырашыць пытанне, Антончыкаў адказаў: „Не ведаю, мы яшчэ думаем, што рабіць”.

У тэлеграм-канале motolkohelp 16 снежня была апублікавана фотакопія згаданага прадпісання. У ім утрымліваецца патрабаванне да абшчыны царквы „Новае жыццё” выканаць судовы загад ад 23 кастрычніка 2009 года і вызваліць будынак былога кароўніка плошчай 1.621 кв. м па вул. Кавалёва, 72. Пазначана, што ў выпадку невыканання рашэння суда „прымусовае высяленне даўжніка адбудзецца 5 студзеня 2021 года ў 11.00”, а вінаватыя ў невыкананні могуць быць прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці.

У загадзе ўказана, што спагнаннікам з’яўляецца ЖРЭА Маскоўскага раёна.

16 студзеня 2019 года ў Мінску адбылося грамадскае абмеркаванне плана па ўнясенні змяненняў у горадабудаўнічы праект дэталёвага планавання паўднёвай часткі Сухарава. Гэты план прадугледжвае будаўніцтва мікрараёна і аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры. На месцы дома малітвы „Новага жыцця” мяркуецца ўзвесці школу.

На нядзельнай пропаведзі 10 сакавіка пастар Вячаслаў Ганчарэнка сярод іншага сказаў вернікам, што ў царквы „Новае жыццё” будзе „новы прыгожы будынак”. Пазней адміністратар царквы Віталь Антончыкаў тлумачыў БелаПАН, што пастар „настройваў вернікаў на тое, што царкве так ці інакш патрэбен новы дом малітвы — на старым ці новым месцы”.

„Пастар Вячаслаў казаў гэта ў такім кантэксце: мы верым, што наша пытанне ўсё-такі вырашыцца хутка. Мы, вядома, хацелі б, каб нам выдзелілі гэта месца (цяперашні ўчастак па вул. Кавалёва. — БелаПАН.) для будаўніцтва новага храма. У прынцыпе, мы з самага пачатку не хацелі збірацца ў хляве (цяпер царква размешчана ў будынку разбуранага кароўніка. — БелаПАН.), хацелі на гэтым месцы пабудаваць прыгожы будынак. Магчыма, нам прапануюць нейкую іншую зямлю. Мы не ведаем, як будуць развівацца [ падзеі], але ў любым выпадку, мы ўжо проста плануем, што мы будзем будаваць новы будынак — прыгожы і сучасны. У гэтым кантэксце пастар і казаў”, — адзначыў Антончыкаў.

Высяліць царкву „Новае жыццё” з цяперашняга будынка, які прыхаджане пабудавалі на свае сродкі ў 1992 годзе, Менгарвыканкам спрабуе ўжо каля 14 гадоў. У 2005 годзе гарадскія ўлады пазбавілі рэлігійную суполку права карыстання зямельным участкам, нягледзячы на тое, што ён быў выдзелены ёй бестэрмінова. Каб прыцягнуць увагу грамадскасці да праблем царквы, у кастрычніку 2006 года вернікі правялі пост-галадоўку, якая доўжылася каля месяца. Людзі змянялі адзін аднаго, пастаянна знаходзячыся ў будынку царквы. Тады уладам давялося адступіць: сітуацыя вакол „Новага жыцця” атрымала шырокі міжнародны рэзананс, у абарону царквы выступілі прадстаўнікі дэмакратычных сіл, краіны ЕС, замежныя палітыкі, святары, рэлігійныя аб’яднанні.

belapan.by