Пратэстныя падзеі ў менскім мікрараёне Серабранка
Адпраўляючыся ў раён Серабранка, я меркаваў адсачыць, як пратэстоўцы будуць рухацца з ускраінаў горада ў цэнтр на прыкладзе адной часткі сталіцы. Але нават не разлічваў, што апынуся ў эпіцэнтры падзей, што Серабранка ў іншыя раёны не пяройдзе, і што менавіта тут будуць будавацца барыкады.
Серабранка заблакавала аўтазакі з АМАПам.
Яшчэ пачынаючы ад 19-й гадзіны ў розных частках праспекта Ракасоўскага пачалі збірацца людзі, але да паловы на восьмую колькасць людзей падлічыць было асабліва складана, паколькі пратэстоўцы разбіліся на шмат групаў, колькасць якіх не перавышала 8 чалавек. Ужо бліжэй да 20-й гадзіны на праспекце з’явілася шмат нацыянальных сцягоў, прычым як у баку гіпермаркета „Гіпа”, так і ў другім канцы магістралі. Бясконцыя сігналы аўтамашын, калектыўнае скандаванне „Жыве Беларусь!”, і вось — патрулі дзяржаўнай аўтаінспекцыі перадаюць у свой цэнтр інфармацыю, што колькасць беларусаў, якія выйшлі ў раёне на пратэст супраць ваеннай дыктатуры Лукашэнкі перасягнула пазнаку ў тысячу чалавек. І людзі надалей працягвалі прыбываць. Яшчэ да наступлення цемры ўтварыліся вялікія групы, у прыватнасці, на ўнівермагу „Палессе”, у той час на „Гіпа” пачалося прымяненне светла-шумавых гранат. Найбольш актыўныя пратэстоўцы засвоілі ўрокі папярэдняга дня, калі на станцыях метро „Пушкінская” і „Спартыўная”, у парушэнне ўсіх міжнародных і ўнутраных законаў амапаўцы ездзілі на машынах хуткай дапамогі. Таму шэраг аўтамабіляў медыкаў на гэты раз атачаўся людзьмі і пачыналася праверка, ці не сядзяць там амапаўцы. Варта сказаць, што на Ракасоўскага амапаўцы, відаць, адмовіліся ад старой тактыкі, паколькі асабіста я не заўважыў хуткіх з сілавікамі ўнутры. Адразу некалькі аўтамабіляў хуткай дапамогі, наадварот, выказалі сваю салідарнасць з беларусамі, паказваючы пераможныя жэсты і сігналячы. Затым амапаўцам удалося атачыць праспект з боку вялікага пагорка, які месціцца побач з „Палессем” і засесці ў дварах. Гэта адбылося прыкладна ў пачатку дзясятай гадзіны. Сілавікі сноўдалі па дварах у пошуках паадзінокіх людзей і затрымлівалі тых, хто не здолеў збегчы. З увагай на такую тактыку, не сумняваюся, што пад рэпрэсіі зноў трапілі таксама й тыя, хто ў пратэсце не ўдзельнічаў, а проста ішоў дахаты. Шэраг жыхароў праспекта ўключыўся ў пратэсты, адчыніўшы дзверы пад’ездаў. Праўда, былі і некаторыя з тых, хто, наадварот, адмоўна паставіўся да акцый і зачыняў пад’езды. Некалькі пад’ездаў у пагоні за людзьмі ўзламалі амапаўцы, прычыніўшы шкоду маёмасці. Была на праспекце ў гэты вечар мінімум адна прыхільніца Аляксандра Лукашэнкі, якая сказала мне ў каментары, што пратэстоўцы не любяць Беларусь, а яе любіць якраз Лукашэнка. На пытанне, чаму тады жорстка збіваюць людзей, якія супраць яго, пенсіянерка адказала абразамі, якія нельга ўзнавіць у эфіры радыё з цэнзурных прычынаў.
Затым на праспекце Ракасоўскага будаваліся барыкады, сілавікі зноў ужывалі спецсродкі і ганяліся пераважна за малымі групамі людзей, дзе ёсць паболей шанцаў збіць з ног і наваліцца ўпяцёх-ушасцёх. Сітуацыя стала заўважна аціхаць апоўначы, а прыкладна а 2-й ночы, калі большасць людзей ужо дайшла да сваіх дамоў, а іншыя паехалі ў свае раёны на аўтамабілях, на вуліцы Пуліхава загарэлася „Табакерка”. Шапікі сябра Аляксандра Лукашэнкі сёлета ў асноўнай масе так і прастаялі зачыненымі, затое сталіся тумбамі для выражэння грамадскага пратэсту. У прыватнасці, у раёне Серабранкі з таго, што мне ўдалося пабачыць, практычна на кожнай „Табакерцы” знаходзяцца надпісы супраць дыктатуры і мяркуемы рэальны рэйтынг Лукашэнкі ў 3%. У размовах жа на праспекце Ракасоўскага людзі не хавалі, што вырашальнае слова ўжо 12-га жніўня будзе за працоўным класам і яго забастоўкай. На яе зараз ускладаюцца вялікія надзеі тых, хто не згодны жыць яшчэ адзін тэрмін з Лукашэнкам, яго фальсіфікацыямі і паліцэйскімі метадамі.
Аднаўляюць ходнікі на праспекце Ракасоўскага. Барыкады прымалі з самай раніцы, але на асфальце і плітцы нават па стане на 16:30 ёсць аскепкі шкла з разбітай амапаўцамі машыны таксі і рэшткі барыкадаў. Насупраць гіпермаркета „Гіпа” па праспекце Ракасоўскага. На Пляханава прыбылі супрацоўнікі МНС, ускрываюць замок у „Табакеркі”, якую падпалілі напярэдадні каля 2-й ночы.
З Менску Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя