Пратэстоўцы: Мы хочам жыць у сваёй краіне!



У Менску адбыліся ажно два мерапрыемствы ў абарону незалежнасці і супраць інтэграцыі з Расеяй. Першым быў мітынг на Кастрычніцкай плошчы, які пачаўся а 12 гадзіне і потым перамясціўся на плошчу Незалежнасці. А 15 гадзіне на праспекце Незалежнасці прайшоў жывы ланцуг. У кожным з мерапрыемстваў удзельнічала крыху больш за 100 чалавек.

Па словах грамадзянаў, яны выйшлі, каб выказацца ў падтрымку незалежнасці краіны:

– Хто хоча з Расеяй – не пярэчым, няхай едзе, там земляў шмат, месца хапае. Я хачу жыць у сваёй краіне! Згодна, каб дапамагалі адно аднаму з Расеяй эканамічна, але павінна быць мая краіна – Беларусь. Тут мае ўнукі, тут мая зямля, не трэба мне Крэмль.

– Чакаць, што нам лепей стане жыць эканамічна нельга. А потым жа і для сем’яў, дзе растуць хлопцы, гэта небяспечна. Іх забяруць на якія-небудзь гарачыя кропкі, якіх у Расеі шмат. Як было ў Афганістане, так і зараз можа здарыцца.

– Я прыйшла таму, што лічу, што мірныя сходы – гэта права грамадзянаў. Тэма незалежнасці, канешне, мяне таксама вельмі хвалюе.

За апошні месяц гэта ўжо шостае мерапрыемтсва ў абарону незалежнасці і супраць паглыбленай інтэграцыі з Расеяй. Затрыманняў не было. Але нельга выключаць, што пратаколы аб правапарушэнні будуць складзены завочна. За мінулыя несанкцыянаваныя мерапрыемствы асуджаны да арыштаў і вялікіх штрафаў дзясяткі грамадзянаў. Адміністратыўны арышт атрымалі сустрашыня Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец, кіраўнік Маладогга Фронту Дзяніс Урбановіч, сустаршыня Руху салідарнасці „Разам” Алена Талстая, каардынатары грамадскай кампані „Еўрапейская Беларусь” Яўген Афнагель і Максім Вінярскі ды іншыя.

Беларускае Радыё Рацыя