Пратэстоўцы на Талбухіна: У дзяржаве склалася сітуацыя юрыдычнага калапсу



У Менску амаль завершана скандальнае будаўніцтва каля Парка Чалюскінцаў, якое парушае санітарныя і культурна-гістарычныя нормы.

Жыхары бліжэйшых дамоў працягваюць змаганне супраць будоўлі, вялікія парушэнні пры якой прызналі і дзяржаўныя органы па архітэктуры. Аднак ніякіх захадаў да забудоўшчыка прынята не было, больш за тое – Пракуратура горада Менска праігнаравала факт падтасоўкі дакументаў, калі са схемы кварталу забудоўшчыкам быў сцёрты жылы дом. Адказ цытуе жыхарка дома па Талбухіна, 5, якая вядзе ліставанне з органамі ўлады – Галіна Сінілевіч:

– Дзяржаўнымі органамі з улікам працэнтнай гатоўнасці аб’екта, а таксама яго канструктыўнага рашэння прынята немэтазгоднай карэктаванне праектнай дакументацыі ў частцы прывядзення ў адпаведнасць з градабудаўнічым пашпартам. Наконт асноўнай заявы, таго, што былі прадстаўленыя скажоныя выходныя дадзеныя для правядзення экалагічнай экспертызы, наконт таго, што з мапы квартала сцёрты жылы дом, няма ніводнага слова.

Такі адказ, у якім Пракуратура горада праігнаравала асноўнае пытанне, не мог задаволіць жыхароў. І яны звярнуліся ў Генеральную пракуратуру і Камітэт дзяржбяспекі. Аднак у выніку іх зварот апынуўся ў Менгарвыканкаме, ад якога дамагчыся праўды раней не ўдалося. У той жа час будоўля адміністратыўнага будынка з паркоўкай паводле сфальшаваных дакументаў працягваецца, у двары разбітыя ходнікі і назіраецца бязладдзе. Жылы дом, які забудоўшчык перад падачай дакументаў на экспертызу злачынна сцёр са схемы, штодня глытае хімічныя элементы ад труб самазвалаў і бруд ад будаўнічых матэрыялаў.

– Складваецца ўражанне, што на сённяшні дзень Менгарвыканкам з’яўляецца наглядным органам над Генпракуратурай. Гэта ўжо цвёрдая ўпэўненасць, што ў краіне склалася сітуацыя юрыдычнага і кіраўнічага калапсу. Нам кажуць пра тое, што там ніякія працы не вядуцца, мы бачым, што яны вядуцца, ужо пабудаваны гараж-стаянка. Мы сабралі масу матэрыялаў, мы атрымалі масу дакументаў, але выніку няма.

Будаўнікі, якія працуюць на аб’екце, прызнаюцца, што будынак узводзіцца для кампаніі EPAM. Карэспандэнт «Радыё Рацыя» звязваўся з менскім офісам гэтай арганізацыі і па тэлефоне, і праз інтэрнэт, але так і не пачуў канкрэтнага пацверджання альбо абвяржэння інфармацыі.

Поўную гутарку слухайце ў далучаным файле: 2019-11-06_bahusevic_budoula

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск