Пратэсты ў Іране працягваюцца, ужо 12 ахвяраў
Пратэстовец застрэліў супрацоўніка паліцыі і параніў яшчэ трох у горадзе Неджэфабадэ ў цэнтральнай частцы Ірану. Пра гэта паведаміла агенцтва Reuters са спасылкай на спікера іранскай паліцыі Саіда Мантазера аль-Махдзі.
Паводле яго слоў пратэстовец пачаў стральбу па сілавіках з паляўнічага ружжа. Спікер не ўдакладніў, калі менавіта адбыўся інцыдэнт.
Гэта першае афіцыйнае паведамленне пра гібель супрацоўніка ўрадавых сілаў пасля таго, як 28 снежня пачаліся маштабныя антыўрадавыя выступы ў краіне.
Ад уладаў Ірану патрабуюць перамагчы беднасць, вызваліць палітвязняў, скончыць няпраўныя дзеянні паліцыі, а таксама спыніць удзел у канфліктах у Емене, Сірыі, Іраку.
Сілавікі прымянялі вадамёты і газ, затрыманыя дзясяткі пратэстоўцаў.
30 снежня пратэсты распаўсюдзіліся на сталіцу Ірану Тэгеран. Дэманстранты спрабавалі штурмаваць дзяржаўныя будынкі.
Паводле іранскіх СМІ, за чатыры дні загінулі 12 удзельнікаў дэманстрацый.
Беларускае Радыё Рацыя