Праца для людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця
У Берасці спрабуюць працаўладкаваць людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Прадстаўнікі грамадскага аб’яднання “Асаблівае дзяцінства” стварылі творчую майстэрню “Асаблівае жыццё’’. У ім людзі з абмежаванымі магчымасцямі займаюцца вырабам сувенірнай прадукцыі.
Старшыня грамадскага аб’яднання “Асаблівае дзяцінства” Аксана Пашкевіч лічыць, што ў Берасцейскай вобласці перш за ўсё варта займацца працаўладкаваннем такіх людзей:
– Самая вялікая праблема сёння – гэта немагчымасць уладкавацца на прадпрыемствы Берасця, бо яны з’яўляюцца інвалідамі з дзяцінства і маюць псіха-неўралагічную паталогію. Для іх патрэбныя спецыялісты, умовы, спецыяльныя нормы працы, таму бацькі дзяцей-інвалідаў арганізавалі вучэбна-рамесны цэнтр для людзей з абмежаванымі магчымасцямі “Асаблівае жыццё”.
Як адзначыла Аксана Пашкевіч, працаўладкаванне людзей з асаблівасцямі псіхічнага развіцця – гэта толькі першы крок да падвышэння ўзроўня якасці іх жыцця ў цэлым.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота БелаПАН
