Праца над помнікам Льву Сапегу ідзе актыўна
У Слоніме адбылося пасяджэнне аргкамітэта па падрыхтоўцы да Дня беларускага пісьменства і друку, якое адбудзецца 1 верасня. У ліку важных аб’ектаў, якія будуць адкрыты падчас свята, гэта помнік Льву Сапегу.
На пасяджэнні адзначалася, што амаль 50% працы над помнікам ажыццёўлена. Наш карэспандэнт пагутарыў з народным мастаком Беларусі Іванам Міско – адным з аўтараў помніка Льву Сапегу. Іван Міско адзначыў, што праца над помнікам Льву Сапегу ідзе вельмі актыўна і плённа. “Пакуль мы працуем з мягкім матэрыялам, працуем над кожнай дэталькай помніка. У бронзе яго пачнем адліваць у жніўні. А ў канцы жніўня помнік Льву Сапегу паставім у Слоніме, дзе і планавалі, каб 1 верасня падчас свята яго афіцыйна адкрыць. Адначасова, калі выдавецтва “Мастацкая літаратура” пастараецца, то з друку павінен выйсці і мой фотаальбом, асобны раздзел у ім будзе прысвечаны Льву Сапегу”, — адзначыў скульптар Іван Міско.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя