Праца цэнтральнага офіса Партыі БНФ адновіцца 13 чэрвеня



13 чэрвеня Партыя БНФ пасля тыднёвага перапынку адновіць працу свайго цэнтральнага офіса ў Менску, паведаміў БелаПАН старшыня партыі Аляксей Янукевіч.

Увесь мінулы тыдзень цэнтральны офіс партыі быў зачынены з-за адключэння электраэнергіі з прычыны запазычанасці за аплату арэнды. „Мы разлічваем, што заўтра ў офісе будзе ўключана святло. Правядзем разлікі з аплатай камунальных плацяжоў сёння. На дзейнасць партыі тыднёвае закрыццё офіса не паўплывала, мы працавалі па-за офісам. Непрыемна было, але не крытычна”, — сказаў Янукевіч.

Уласнікам памяшкання па вуліцы Чарнышэўскага, 3, з’яўляецца ЖРЭА. „Святло, сапраўды, адключана з-за запазычанасці па аплаце арэнды. Але справа ў тым, што мы плацім толькі за арэнду, а затым ЖРЭА само расплачваецца з іншымі арганізацыямі, у тым ліку за святло. Каб разлічыцца, нам недастаткова заплаціць за святло, трэба пагасіць усю запазычанасць за арэнду. Яна паўстала з-за таго, што сумы аплаты ўзраслі ў гэтым годзе, а таксама па іншых прычынах. Так, члены партыі і проста беларусы мелі гэтай вясной менш магчымасцяў для падтрымкі партыі”, — тлумачыў раней БелаПАН Янукевіч.

Запазычанасць партыі за арэнду офіса складала два-тры месячныя плацяжы (сярэдні плацёж у месяц складае каля трох тысяч рублёў).

belapan.by