Працэдура ЭКА можа стаць для беларусаў бясплатнай



Працэдура экстракарпаральнага апладнення можа стаць для беларусаў бясплатнай, паведаміў дырэктар РНПЦ „Маці і дзіця” Канстанцін Вільчук журналістам перад адкрыццём у Менску 27 красавіка першага міжнароднага міждысцыплінарнага кангрэса „Праблемы рэпрадукцыі”.

Паводле яго слоў, РНПЦ прапанаваў Міністэрству аховы здароўя ўнесці ў закон „Аб рэпрадуктыўных тэхналогіях” змены і дапаўненні. У прыватнасці прапануецца вырашыць пытанне фінансавання экстракарпаральнага апладнення для грамадзян Беларусі за кошт бюджэту. Сёння ў рэспубліцы на працэдуру ЭКА можна атрымаць крэдыт, у некаторых краінах на гэтыя тэхналогіі выдзяляюцца квоты. Напрыклад, у некалькіх рэгіёнах Расеі падаюцца дзве спробы бясплатна, далейшыя — за свой кошт.

 На пытанне аб магчымым павелічэнні парогавага ўзросту для правядзення ЭКА Вільчук адказаў, што сярод прапанаваных паправак гэтае пытанне не разглядаецца.

„У свеце прынята, што рэпрадуктыўны ўзрост абмяжоўваецца 49 гадамі, — сказаў ён. — Сёння некаторыя клінікі могуць зрабіць ЭКА і ў больш познім узросце, аднак гэта ўсё ж такі пагроза для стану здароўя жанчыны. Ёсць рызыкі і для выношвання цяжарнасці. Як правіла, гэта заўчасныя роды, стан нованароджаных, які патрабуе інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі”.

Кіраўнік РНПЦ паведаміў, што мужчынская бясплоднасць сёння сустракаецца практычныя гэтак жа часта, як і жаночая. „Калі раней лекары больш увагі звярталі на стан жанчыны, то сёння 46% выпадкаў бясплоднасці — следства парушэння мужчынскага здароўя”.

Паводле яго слоў, вельмі вялікі працэнт бясплоднасці — гэта наступствы курэння і злоўжывання алкаголем, інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам, і г.д.

 Штогод у РНПЦ „Маці і дзіця” праводзіцца да 1 тыс. цыклаў экстракарпаральнага апладнення. Працэнт поспеху складае 40-42%.

„Гэта даволі высокі ўзровень эфектыўнасці тэхналогіі, — сказаў Вiльчук. — Лічыцца, калі клінічная цяжарнасць наступае ў 30% і больш, то гэта ўжо добры вынік”.

Колькасць шматплодных цяжарнасцяў пасля ЭКА невысокая — да 10%, адзначыў ён.

„У цывілізаваным свеце прынята, каб пры правядзенні экстракарпаральнага апладнення наступала аднаплодная цяжарнасць. Калі падчас працэдуры прыжываецца некалькі эмбрыёнаў, сем`ям рэкамендуюць правесці рэдукцыю лішніх пладоў, каб пазбегнуць ускладненняў пры выношванні і родах. Аднак рашэнне будучыя бацькі прымаюць самі”, — сказаў кіраўнік цэнтра.

Сярэдні кошт поўнага цыкла для беларусаў — 3—3,5 тыс. рублёў, дзе асноўную суму складаюць лекавыя сродкі.

БелаПАН