Працэсія Божага Цела ў Менску
У сталіцы Беларусі праходзіць працэсія ў гонар каталіцкага Свята Божага Цела. Урачыстасці пачаліся са Святой Імшы ля касцёла Святой Тройцы на Залатой Горцы. Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падчас казання зазначыў, што публічнае вызнаванне веры – гэта адказ на выклікі сэкулярызаванага свету:
– Мы сабраліся тут, на гэтай Залатой Горцы, каб прайсці па вуліцах нашага горада і паказаць, што мы можам супрацьстаяць выклікам нашага часу. Мы можам сказаць, што мы хрысціяне, і хочам жыць па-хрысціянску, хочам праслаўляць Бога.
З Залатой Горкі працэсія рушыла на праспект Незалежнасці.
Як і штогод, удзел прымаюць тысячы вернікаў:
– Прыйшлі аддаць пашану Езусу Хрысту. І мы вельмі рады, што ёсць такое свята ў Менску, што выйшла столькі вернікаў, каб паказаць сваю веру.
– Я каталік. І гэтае свята для мяне вельмі вялікае. Ушанаванне Божага Цела я лічу важнай падзеяй у маім жыцці.
– Я кожны год хаджу на працэсію Божага Цела. Божы Дух асвячае наш горад. І ўсе мы ў гэтым прымаем удзел.
Працэсія мае свае стацыі на Плошчах Перамогі і Кастрычніцкай, а таксама ля Чырвонага Касцёла. Урачыстасці завершацца набажэнствам ля катэдры на Плошчы Свабоды.
[Not a valid template]
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота аўтара