Праціўнікі акумулятарнага завода ізноў сабраліся на плошчы



27 траўня каля 50 праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода сабраліся на плошчы Леніна ў Берасці. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага.

Людзі стаялі групамі, размаўлялі, абмяркоўвалі апошнія навіны, звязаныя з будаўніцтвам прадпрыемства, кармілі галубоў. Асноўнай тэмай абмеркавання стаў разгляд 28 траўня ў Берасцейскім абласным судзе дзвюх касацыйных скаргаў на рашэнне суда Маскоўскага раёна Берасця, які адмовіў у задавальненні іску грамадзян і грамадскага аб’яднання „Экадом” да ТАА „АйПаўэр” і райвыканкама. Істцы прасілі суд прыпыніць дзейнасць „АйПаўэра” па будаўніцтве завода да правядзення паўторнага грамадскага абмеркавання актуальнай справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе.

Сёння ў ходзе абмеркавання сітуацыі ўдзельнікі акцыі выказалі гатоўнасць у выпадку, калі суд пакіне ў сіле рашэнне раённага суда, абскардзіць яго далей, у вышэйшых інстанцыях.

Берасцейка Алена заявіла, што лічыць будаўніцтва акумулятарнага завода „злачынствам у дачыненні да ўсіх жыхароў горада раёна”.

Берасцеец Сяргей сказаў, што трэба прыходзіць на плошчу, каб улады бачылі, што сітуацыя з будаўніцтвам „не спускаецца на тармазах” удзельнікамі пратэстаў. Паводле яго звестак, чыноўнікі раілі найбольш актыўным удзельнікам пратэстаў не прыходзіць на плошчу, таму што самі чыноўнікі разбяруцца ў сітуацыі з будоўляй. „Як яны разбіраюцца, мы бачым. Таму прыходзіць на плошчу трэба”, — сказаў ён.

Узвядзенне акумулятарнага завода пачалося на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Брэст”. Будуе прадпрыемства ТАА „АйПаўэр” — рэзідэнт СЭЗ. Падрадчык — кітайскае ТАА „Аньхойская знешнеэканамічная будаўнічая карпарацыя”. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.

Жыхары лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Амаль 37 тыс. подпісаў супраць будаўніцтва завода былі перададзеныя ў Адміністрацыю прэзідэнта ў лютым. Аднак створаная ў сувязі з гэтым зваротам урадавая камісія не выявіла парушэнняў у рэалізацыі праекта па будаўніцтве завода. 17 траўня на гэты адказ была накіравана адпаведная скарга на імя Аляксандра Лукашэнкі.

27 сакавіка суд Маскоўскага раёна Берасця адмовіў у задавальненні іску грамадзян і грамадскага аб’яднання „Экадом” да ТАА „АйПаўэр” і Брэсцкага райвыканкама. Істцы прасілі суд прыпыніць дзейнасць „АйПаўэра” па будаўніцтве завода да правядзення паўторнага грамадскага абмеркавання актуальнай справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. 6 красавіка істцы падалі дзве касацыйныя скаргі на гэтае рашэнне ў Берасцейскі абласны суд.

29 красавіка ў горадзе прайшоў санкцыянаваны ўладамі мітынг „Берасцейкі супраць свінцу”, на які сабралася прыблізна дзве тысячы чалавек.

11 траўня на імя Аляксандра Лукашэнкі быў накіраваны зварот жыхароў з просьбай вызваліць ад пасады старшынь брэсцкіх аблвыканкама, гарвыканкама і райвыканкама ў сувязі са стратай даверу. Пад зваротам падпісалася 2.665 чалавек.

З 25 лютага кожную нядзелю на плошчу Леніна прыходзяць праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Яны стаяць групамі, гутараць, абмяркоўваюць навіны, звязаныя з будаўніцтвам прадпрыемства, кормяць галубоў.

Як паведамлялася, раней у гарвыканкам была накіравана заяўка на правядзенне 3 чэрвеня ў цэнтры Берасця дэманстрацыі і мітынгу „Марш супраць свінцу”. Таксама ў Берасцейскі гарвыканкам пададзена заяўка на правядзенне 10 чэрвеня ў цэнтры горада мітынгу, мэта якога выказаць пратэст у сувязі з будаўніцтвам небяспечнага прадпрыемства без уліку меркавання жыхароў горада і раёна.

belapan.by