Праціўнікі акумулятарнага завода працягваюць несці „свінцовую варту”
Працу прыёмнай камісіі на акумулятарным заводзе „АйПаўэр”, што пад Берасцем, працягнулі яшчэ на 10 дзён. Пра гэта паведаміў праваабаронца Раман Кісляк, які сачыў за сітуацыяй.
Такім чынам, прадстаўнікі ініцыятыўнай групы (ІГ) праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода працягнуць несці „свінцовую варту” каля прадпрыемства:
– Я так думаю, што Рагачук спрабаваў збіць хвалю. А вось чаму прызначана сустрэча з Лісам (старшыня аблвыканкаму. – рэд.) на сераду, калі ў яго дзень прыёму грамадзянаў у аўторак? Калі нават закрыюць завод, не, не калі, а яго закрыюць, то падзяку нашым чыноўнікам не варта выказваць. Гэта не іх поспех. Ім варта проста пайсці ў адстаўку. Таму што гэта ганьба. Я ўпэўнена, што яны ўсе «нагрэліся» на гэтым заводзе, прыклалі руку да яго. Гэты поспех, канешне, належыць нашай ініцыятыўнай групе.
Ужо заўтра, 12 чэрвеня, у 08:00 адбудзецца сустрэча ў выглядзе размовы прадстаўнікоў ІГ з старшынём Берасцейскага аблвыканкаму Анатолем Лісам, якую прапанаваў арганізаваць кіраўнік горада Аляксандр Рагачук. „Прадстаўнікам СМІ прысутнічаць на сустрэчы не дазволілі, але інфармацыю можна даведацца з вуснаў удзельнікаў адразу пасля сустрэчы”, – паведамляе Telegram-канал „Свінцовая Варта”. Невядома пра тое, колькі будзе яшчэ цягнуцца прыёмка, але пэўных поспехаў дамагчыся ўдалося. Гэтак праца завода ў пусканадалачным рэжыме па начах і выходных днях спынена.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасцейскі раён.