Праціўнікі акумулятарнага завода зноў сабраліся на плошчы Леніна ў Берасці



Прыкладна 35 праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода апоўдні 17 чэрвеня зноў сабраліся на плошчы Леніна ў Берасці. Яны кармілі галубоў і абмяркоўвалі апошнія навіны, звязаныя з будаўніцтвам прадпрыемства.

Такія акцыі праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага.

Сёння прысутныя абмяркоўвалі сустрэчу старшыні Берасцейскага гарвыканкама Аляксандра Рагачука з жыхарамі горада, якая адбылася напярэдадні.

На думку Рагачука, выйсцем з сітуацыі можа стаць зварот актывістаў у судовыя інстанцыі. Ён паабяцаў 18 чэрвеня сустрэцца з прадстаўнікамі ініцыятыўнай групы і праваабаронцам Раманам Кісляком па пытаннях падачы судовага іску.

„Лічу, што гарадская ўлада павярнулася да праблемы тварам толькі праз некалькі месяцаў толькі таму, што пачалі збіраць подпісы за адстаўку чыноўнікаў у сувязі са стратай даверу”, — заявіла жыхарка Брэста Лада. Яна выказала надзею, што Рагачук выканае абяцанне і сустрэнецца з пратэстоўцамі: „Думаю, што чыноўнік такога ўзроўню не будзе кідацца словамі”.

„Чыноўнікі на ўсіх узроўнях зразумелі, што нарабілі памылак, падпісаўшы дакументы для праекта, але прызнаваць памылкі і адказваць за іх ніхто не хоча, — лічыць брастаўчанка Алена. — Ініцыятыўная група напісала больш за 100 зваротаў у дзяржорганы і атрымала супярэчлівыя адказы. Складваецца ўражанне, што ні адзін чыноўнік не вывучыў гэты праект так, як ініцыятыўная група”. У той жа час яна разлічвае, што ўлада дапаможа не дапусціць пачатку працы завода.

Узвядзенне акумулятарнага завода пачалося на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” ў свабоднай эканамічнай зоне „Брэст”. Будуе прадпрыемства ТАА „АйПаўэр” — рэзідэнт СЭЗ. Падрадчык — кітайскае ТАА „Аньхойская знешнеэканамічная будаўнічая карпарацыя”. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.

Жыхары Берасця і Берасцейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Амаль 37 тыс. подпісаў супраць будаўніцтва завода былі перададзеныя ў Адміністрацыю прэзідэнта ў лютым. Аднак урадавая камісія не выявіла парушэнняў у рэалізацыі праекта па будаўніцтве завода. 17 мая на гэты адказ была накіраваная адпаведная скарга на імя Аляксандра Лукашэнкі.

27 сакавіка суд Маскоўскага раёна Берасця адмовіў у задавальненні іску грамадзян і грамадскага аб’яднання „Экадом” да ТАА „АйПаўэр” і Берасцейскага райвыканкама. Істцы прасілі суд прыпыніць дзейнасць „АйПаўэра” па будаўніцтве завода да правядзення паўторнага грамадскага абмеркавання актуальнай справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе.

29 красавіка на ўскраіне Брэста, у парку Воінаў-Інтэрнацыяналістаў, прайшоў санкцыянаваны ўладамі мітынг „Брастаўчанкі супраць свінцу”, на які сабралася прыблізна дзве дзвюх тысячы чалавек.

11 мая на імя Лукашэнкі быў накіраваны зварот жыхароў Брэста і Брэсцкага раёна з просьбай вызваліць ад пасады старшыняў брэсцкіх аблвыканкама, гарвыканкама і райвыканкама ў сувязі са стратай даверу. Пад гэтым дакументам падпісаліся 3.226 чалавек.

5 чэрвеня ў Берасцейскі гарвыканкам была пададзеная заяўка на правядзенне сямі пікетаў супраць акумулятарнага завода: 22, 23, 25, 27, 28, 29 і 30 чэрвеня на пешаходнай пляцоўцы на адной з вуліц у цэнтры горада. Раней у Брэсцкі гарвыканкам актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў цэнтры Брэста трох акцый супраць акумулятарнага завода: двух мітынгаў (31 сакавіка і 10 чэрвеня) і дэманстрацыі і мітынгу „Марш супраць свінцу” (3 чэрвеня). Мясцовая ўлада іх забараніла на падставе таго, што ў адпаведнасці з рашэннем гарвыканкама на гэтых пляцоўках не дапускаецца правядзенне масавых мерапрыемстваў.

На сустрэчы 13 чэрвеня ў Брэсцкім гарвыканкаме было абвешчанае, што 1 чэрвеня адміністрацыя СЭЗ „Брэст” заключыла дамову з Палескім аграрна-экалагічным інстытутам Нацыянальнай акадэміі навук аб правядзенні экалагічнага маніторынгу на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт”, дзе будуюць акумулятарны завод.   БелаПАН