Праціўнікі акумулятарнага завода зноў сабраліся на плошчы Леніна ў Берасці
Больш за 60 праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода каля поўдня 1 ліпеня зноў сабраліся на плошчы Леніна ў Берасці. Яны стаялі групамі, кармілі галубоў і абмяркоўвалі апошнія навіны, звязаныя з будаўніцтвам прадпрыемства. Побач праходзіў Дзень вышыванкі, арганізаваны мясцовымі ўладамі.
На думку ўдзельнікаў пратэстаў, сваімі дзеяннямі яны падштурхнулі гарвыканкам больш актыўна выкарыстоўваць плошчу для правядзення масавых мерапрыемстваў.
Сустрэчы праціўнікаў завода праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага.
Сёння прысутныя абмяркоўвалі рашэнне, вынесенае 27 чэрвеня судом Маскоўскага раёна Берасця, аб адмове ў іску ўрача-неўролага Таццяны Фесікавай да Берасцейскай цэнтральнай гарадской бальніцы. Урач праз суд дамагалася аднаўлення на працы ў бальніцы, прасіла спагнаць грошы за час вымушанага прагулу і кампенсацыю маральнай шкоды ў 500 рублёў. 29 красавіка Фесікава выступіла на санкцыянаваным уладамі мітынгу „Берасцейскі супраць свінцу”. Урач заявіла, што не існуе бяспечных доз свінцу, а чыноўнікі, якія не чуюць больш за 38 тысяч чалавек, што выступаюць супраць будаўніцтва акумулятарнага завода пад Берасцем, прыгатавалі жыхарам горада і яго прыгарада „міну запаволенага дзеяння, экалагічную катастрофу”.
„Спыніцеся, адумайцеся! Вы абавязаны нас абараняць, а не знішчаць”, — заклікала ўлады Фесікава.
На наступны дзень пасля мітынгу Фесікавай патэлефанавалі з Берасцейскай цэнтральнай гарадской бальніцы і сказалі, каб 1 траўня яна не выходзіла на дзяжурства. 2 траўня галоўны ўрач бальніцы паведаміў Фесікавай, што яе звальняюць. На яе месца будзе прыняты ўрач, для якога гэта праца будзе з’яўляцца асноўнай. 4 траўня Фесікаву звольнілі.
Людзі, якія сабраліся на плошчы, адзначалі, што Фесікаву звольнілі за актыўную грамадзянскую пазіцыю ў сувязі з будаўніцтвам пад Берасцем акумулятарнага завода. На момант звальнення ў аддзяленні, дзе яна працавала, былі свабоднымі 1,75 стаўкі ўрача-неўролага, размеркаваныя паміж супрацоўнікамі аддзялення. Фесікава працавала ў цэнтральнай гарадской бальніцы з 2002 года; да 2008 года — на поўную стаўку, затым на паўстаўкі знешнім сумяшчальнікам. Прэтэнзій да яе працы не было.
На думку жыхаркі горада Алены, што прысутнічала на судзе, Фесікава павінна звярнуцца ў вышэйшую інстанцыю, паколькі рашэнне раённага суда „шыта белымі ніткамі”. Удзельніца пратэстаў Ірына заявіла, што чыноўнікі спрабуюць такім чынам запалохаць праціўнікаў будаўніцтва завода, аднак у іх, наадварот, адкрываецца другое дыханне.
„Людзі настроеныя рашуча. Завод не будзе працаваць, нават калі яго пабудуюць. Людзі даб’юцца яго закрыцця”, — заявіў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк.
Узвядзенне акумулятарнага завода пачалося на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Брэст”. Будуе прадпрыемства ТАА „АйПаўэр” — рэзідэнт СЭЗ. Падрадчык — кітайскае ТАА „Аньхойская знешнеэканамічная будаўнічая карпарацыя”. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.
Жыхары Берасця і Берасейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Амаль 37 тыс. подпісаў супраць будаўніцтва завода былі перададзеныя ў Адміністрацыю прэзідэнта ў лютым. Аднак урадавая камісія не выявіла парушэнняў у рэалізацыі праекта па будаўніцтве завода. 17 траўня на гэты адказ была накіравана адпаведная скарга на імя Аляксандра Лукашэнкі.
Акрамя таго, 11 траўня на імя Лукашэнкі быў накіраваны зварот жыхароў Берасця і Берасцейскага раёна з просьбай вызваліць ад пасады старшынь брэсцкіх аблвыканкама, гарвыканкама і райвыканкама ў сувязі са стратай даверу. Пад гэтым дакументам падпісаліся 3.226 чалавек.
24 чэрвеня праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода вырашылі па выхадных днях працягнуць у Берасці вулічны збор подпісаў за адстаўку мясцовых чыноўнікаў у сувязі са стратай даверу. У гэты дзень збор праходзіў у трох месцах, 30 чэрвеня — у чатырох.
Актывісты падавалі заяўкі на правядзенне ў Берасці шэрагу акцый супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. Берасцейскі гарвыканкам санкцыянаваў толькі адну: 29 красавіка мітынг „Берасцейскі супраць свінцу” на ўскраіне Берасця, у парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў, на які сабралася каля дзвюх тысяч чалавек.
belapan.by