Праціўнікі акумулятарнага завода зноў сабраліся на плошчы Леніна ў Берасці (абноўлена)



Нягледзячы на затрыманні найбольш актыўных праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода, берасцейцы зноў сабраліся на пратэст. На традыцыйнае „кармленне галубоў” выйшла ад 150 да 170 чалавек. Затрыманняў пратэстоўцаў гэтым разам не было. Тым часам як мінімум шасцёра з актыўных удзельнікаў мінулых акцый пратэсту зараз знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання.

Каментуе праваабаронца Раман Кісляк:

– Затрымана чацвёра, двое адываюць арышт.

РР: Пятрухін і Кабанаў?

– Так. Яны арыштаваныя. Думаю, што яны па пастанове арыштаваныя.

РР: Лепясевіч Дзям’ян.

– Так і яшчэ Андрэй Шарэнда. Яны затрыманыя. Алесь Абляк і Валеры Фамінскі з’явіліся па позве, яны, відавочна, таксама затрыманыя.

РР: І таго разам 6 чалавек?

-Так.

Пятрухін і Кабанаў адбываюць арышт па рашэнні суда, Лепясевіч і Шарэнда былі затрыманы напярэдадні каля сваіх дамоў і пакінуты за кратамі да разгляду справаў, і яшчэ двое – Фамінскі і Абляк, з’явіліся ў РАУС па позвах. Стала вядома што іх таксама пакінулі за кратамі да панядзелка. Акрамя таго, сёння ў адзін з апорных пунктаў міліцыі, былі выкліканы журналісты – Мілана Харытонава, Алесь Ляўчук і Яўген Скрабец. Праводзіцца праверка нібыта іхніх матэрыялаў на факт парушэння заканадаўства.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя

***

На плошчы Леніна ў Берасці сёння зноў сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Падобныя сустрэчы праходзяць на плошчы кожную нядзелю з 25 лютага.

Плошча ў 13:00 пасля сканчэння акцыі.

Людзі стаялі групамі, размаўлялі паміж сабой і абмяркоўвалі апошнія навіны, звязаныя з будаўніцтвам прадпрыемства. Ніякіх лозунгаў і транспарантаў у тых, хто прыйшоў на плошчу не было:

– Затрыманняў не было. На маю ацэнку, там было каля 70 чалавек. Калі мы ехалі назад, то бачылі, што заставалася чалавек 30. Людзі разыходзіліся.

Людзі таксама актыўна абмяркоўвалі сітуацыю, якая склалася пасля затрыманняў праціўнікаў будаўніцтва завода, якія адбыліся ў мінулую нядзелю, 14 кастрычніка. Людзі кажуць, што не спыняць сваіх пратэстаў. Дарэчы, сярод тых, хто прыйшоў на плошчу сёння, былі  і тыя, каго затрымлівалі і штрафавалі за гэты пратэст раней.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя