Праціўнікі акумулятарнага завода зноў сабраліся ў цэнтры Берасця



Апоўдні 11 жніўня на плошчы Леніна чарговы раз сабраліся праціўнікі акумулятарнага завода. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага 2018 года.

Паводле звестак праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна, у 12.40 на плошчы было каля 150 чалавек. Пры гэтым супрацоўнікі міліцыі праз мегафон папярэджвалі прысутных аб недапушчальнасці парушэння парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства.

Людзі, якія сабраліся, казалі пра неабходнасць дамагацца канчатковага закрыцця завода і збірацца не толькі тут, на плошчы ў цэнтры горада, але і праводзіць акцыі пратэсту.

Сёння на плошчы збіралі подпісы пад скаргай у Генпракуратуру з нагоды рамонту на стадыёне дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы „Прыбужжа” у вёсцы Тэльмы Брэсцкага раёна. Дадзеная пляцоўка прадугледжана рашэннем мясцовай улады для правядзення масавых мерапрыемстваў. Усе заяўленыя ў чэрвені на гэтым стадыёне мітынгі супраць акумулятарнага завода былі забароненыя чыноўнікамі на той падставе, што там пачаўся рамонт.

У скарзе паведамляецца, што „ў пачатку чэрвеня было знята пакрыццё дарожкі на стадыёне, па краях стадыёна насыпана 4 кучы пяску/жвіру і павешана таблічка „рамонт”. Больш ніякіх прац на дадзеным аб’екце ў чэрвені, ліпені і жніўні не праводзілася”. „Лічым, што гэты „рамонт” быў спецыяльна прыдуманы, каб не даць нам магчымасці правесці мітынг супраць будаўніцтва акумулятарнага завода”, — гаворыцца ў звароце на імя генпракурора.

Падпісанты просяць прыняць меры пракурорскага рэагавання да службовых асоб Брэсцкага райвыканкама, што ініцыявалі гэты фіктыўны, на іх думку, рамонт на стадыёне, а таксама да службовых асоб арганізацыі, якая ажыццяўляе „рамонтныя работы”.

Як заявіў сёння ў ходзе сустрэчы на плошчы Леніна жыхар вёскі Тэльмы Аляксандр Валько, „ніякага рамонту там не робяць”. „Там нават траву не косяць. Наогул там ніхто нічым не займаецца, — заявіў ён. — Тэндэнцыя ў іх такая. Гэта як правіла: дзесьці людзі хочуць сабрацца, у іх адразу тэрміновая праца з’яўляецца”.

У гэтай сувязі ўдзельнікі сустрэчы нагадалі, як улады, каб не даць правесці ў парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў (дазволенае месца для правядзення масавых мерапрыемстваў. — БелаПАН.) мітынгі супраць будаўніцтва завода, паведамлялі аб рамонце на гэтай пляцоўцы або апрацоўцы парку супраць кляшчоў, а фактычна гэтыя працы там не праводзіліся.

Як паведаміў Раман Кісляк, подпісы пад зваротам збіраюць не толькі ў Брэсце, але і ў вёсцы Тэльмы, дзе знаходзіцца стадыён. У найбліжэйшыя дні гэтая скарга будзе накіравана на імя генпракурора Беларусі. Паводле інфармацыі актывістаў, за некалькі хвілін у Брэсце сабрана больш за 30 подпісаў.

Пасля сустрэчы на плошчы, якая працягвалася прыкладна да 12.40, праціўнікі завода прайшлі па цэнтральных вуліцах Брэста — Пушкінскай і Савецкай — да кінатэатра Беларусь”.

belapan.by