Праціўнікі акумулятарнага завода зноў сабраліся ў цэнтры Берасця
7 чэрвеня прыблізна апоўдні на плошчы Леніна ў Берасці чарговым разам сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага 2018 года.
Згодна са звесткамі аднаго з лідараў грамадскай кампаніі супраць акумулятарнага завода Дзмітрыя Бекалюка, ў 12.40 на плошчы было прыблізна 300 чалавек.
Сёння сюды таксама прыйшлі новыя ўласнікі завода Сяргей Кагановіч і Дзмітрый Баскаў, якія запрасілі жыхароў рэгіёна наведаць прадпрыемства.
Паводле слоў Бекалюка, праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода заявілі, што гэта не вырашыць праблемы, і запатрабавалі правядзення грамадскіх экалагічных абмеркаванняў праекта.
„Кагановіч і Баскаў пагадзіліся на гэта і выказалі жаданне ўдзельнічаць у іх”, — дапоўніў Бекалюк.
На наступным тыдні актывісты плануюць накіраваць у мясцовыя органы ўлады заяву аб правядзенні грамадскіх экалагічных абмеркаванняў і выдзяленні для гэтага пляцоўкі ў гарадскім парку культуры і адпачынку, каб узяць удзел у абмеркаваннях змаглі жыхары Брэста і Брэсцкага раёна.
„Такіх абмеркаванняў мы дамагаліся больш за два гады. Пратакол абмеркаванняў будзе мець законную сілу, і нарэшце мясцовыя жыхары вырашаць лёс завода, якога не павінна быць у гэтым месцы”, — заявіў Бекалюк.
Пасля сустрэчы на плошчы, якая доўжылася прыкладна да 12.40, праціўнікі завода прайшлі па вуліцах Пушкінскай і Савецкай да кінатэатра „Беларусь”.
Акумулятарны завод узведзены на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у СЭЗ „Брэст”. Тут планавалі наладзіць поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Брэста і Брэсцкага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта.
З 22 мая гэтага года акумулятарны завод ТАА „АйПаўэр” выведзены з-пад кантролю 1AK-Group. Падчас здзелкі быў ажыццёўлены продаж 100% доляў у статутным фондзе „АйПаўэр”. У выніку ТАА атрымала найменне „Акумулятарны альянс”. Новыя ўласнікі таварыства вядуць перамовы з шэрагам буйных еўрапейскіх інвестараў па ўваходжанні ў капітал завода.
Згодна са звесткамі Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асоб, паведаміў партал tut.by, статутны фонд новага ўладальніка ТАА „Акумулятарны альянс” складае 6,7 млн рублёў. 85% долі кампаніі належаць Сяргею Кагановічу, 15% — Дзмітрыю Баскаву. Кагановіч з’яўляецца намеснікам дырэктара кампаніі „Сем пагоркаў бел”, удзельнічаў у спаборніцтвах па хакеі з удзелам каманды прэзідэнта. Дзмітрый Баскаў — гендырэктар хакейнага клуба „Дынама-Мінск” і трэнер каманды Аляксандра Лукашэнкі.
Грамадская кампанія супраць акумулятарнага завода пачалася ў рэгіёне ў студзені 2018 года. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Брэсце і Брэсцкім раёне 325 мітынгаў, 18 пікетаў і 16 дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка 2018 года мітынг „Брастаўчанкі супраць свінцу”, на які прыйшло прыблізна дзве тысячы чалавек.