Праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода выйшлі на плошчу карміць галубоў
Праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода выйшлі на плошчу, каб пакарміць галубоў.
Мерапрыемства адбылося на плошчы Леніна ў Берасці і супала з Днём міліцыі Рэспублікі Беларусь, які адзначаюць 4 сакавіка. Усяго на плошчы сабралася некалькі дзясяткаў чалавек, якія абмяркоўвалі сітуацыю з будаўніцтвам шкоднай вытворчасці кампаніі “Ipower”. Прамую трансляцыю з мерапрыемства вёў блогер Сяргей Пятрухін, які нядаўна быў пакараны штрафам за заклікі пратэставаць супраць заводу:
– Мяне ўвогуле здзіўляе, што так напалоханыя мясцовыя ўлады. Бо ўявіце, калі выйдуць людзі з гэтай нагоды на плошчу, што ўвогуле будзе з Лісам. Гэта ж кіраўнік дзяржавы адразу ўсё закруціць, і яны будуць разбірацца з гэтай справай. Ён не ведае, што такая тэма ў нас з гэтым забруджваннем.
Паралельна з размовамі людзі кармілі галубоў, якіх было шмат на плошчы. Калі наступным разам адбудзецца падобная сустрэча, можна даведвацца з прамых трансляцыяў блогераў Аляксандра Кабанава і Сяргея Пятрухіна.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота: скрыншот з відэа