Праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода выйшлі на плошчу
Праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода працягваюць кожную нядзелю збірацца на плошчы Леніна ў Берасці. 22 красавіка апоўдні сюды прыйшло прыкладна 200 чалавек.
Людзі стаялі групамі, размаўлялі, абмяркоўвалі апошнія навіны, звязаныя з будаўніцтвам прадпрыемства. Працягнуўся таксама збор подпісаў за адстаўку старшыняў абласной, раённай і гарадской адміністрацый, якія затым будуць накіраваныя Аляксандру Лукашэнку. Дзеці намалявалі на плошчы рознакаляровай крэйдай сонца, у цэнтры якога напісалі „Жыць!”.
Як заявіў БелаПАН адзін з праціўнікаў будаўніцтва жыхар Берасця Анатоль, урач з 40-гадовым стажам, ён лічыць гэтае прадпрыемства вельмі небяспечным для людзей. „Я не разумею, чаму яго будаўніцтва да гэтага часу не спыненае”, — сказаў ён.
Іншы ўдзельнік акцыі Дзмітрый заявіў, што мясцовыя жыхары маюць намер дамагацца закрыцця небяспечнай будоўлі. Паводле яго слоў, гэта пацвярджае і тое, што сёння столькі людзей не пабаялася прыйсці на плошчу, а таксама тое, што ў суботу толькі за дзве гадзіны было сабрана прыблізна 800 подпісаў за адстаўку мясцовых чыноўнікаў.
Многія ўдзельнікі сённяшняй акцыі заяўлялі, што „не маюць намеру здавацца” і будуць патрабаваць прыпынення будаўніцтва. Яны адзначалі, што „чыноўнікі жывуць паводле сваіх законаў, пры тым што яны з’яўляюцца слугамі народа”.
Вадзіцелі, якія праязджалі міма плошчы, сігналілі, выказваючы салідарнасць з удзельнікамі акцыі.
Як паведаміў БелаПАН берасцейскі праваабаронца Раман Кісляк, сёння на сямі пляцоўках Берасця праходзіць збор подпісаў за адстаўку кіраўнікоў адміністрацый рэгіёна. Паводле яго слоў, апошнія тры дні актывісты распаўсюджваюць у горадзе ўлёткі „У чым небяспека свінцу” з заклікам не заставацца ў баку ад сітуацыі, засцерагчы сябе і сваіх блізкіх і далучыцца да кампаніі супраць будаўніцтва „небяспечнага свінцовага завода”.
Узвядзенне акумулятарнага завода пачалося на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” ў свабоднай эканамічнай зоне „Брэст”. Будуе прадпрыемства ТАА „АйПаўэр” — рэзідэнт СЭЗ. Падрадчык — кітайскае ТАА „Аньхойская знешнеэканамічная будаўнічая карпарацыя”. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.
Жыхары Берасцейскага раёна і Берасця лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Амаль 37 тысяч подпісаў супраць будаўніцтва завода былі перададзеныя ў Адміністрацыю прэзідэнта 22 лютага.
Створаная ў сувязі з гэтым зваротам урадавая камісія не выявіла парушэнняў у рэалізацыі праекта па будаўніцтве акумулятарнага завода. Праціўнікі будаўніцтва не згодныя з такім адказам і маюць намер звярнуцца да Лукашэнкі.
27 сакавіка суд Маскоўскага раёна Берасця адмовіў у задавальненні іску грамадзян і грамадскага аб’яднання „Экадом” да ТАА „АйПаўэр” і Берасцейскага райвыканкама. Істцы прасілі суд прыпыніць дзейнасць „АйПаўэра” па будаўніцтве завода да правядзення паўторнага грамадскага абмеркавання актуальнай справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе.
6 красавіка істцы падалі дзве касацыйныя скаргі на гэтае рашэнне ў Берасцейскі абласны суд.