Праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода зноў сабраліся на плошчы



Прыкладна 65 праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода сабраліся каля поўдня 2 верасня на плошчы Леніна ў Берасці.

Яны традыцыйна кармілі галубоў і абмяркоўвалі апошнія навіны, звязаныя з будаўніцтвам прадпрыемства.

Такія сустрэчы праціўнікаў завода праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага.

Людзі, якія сабраліся, абмеркавалі, у прыватнасці, перадачу „Размова па сутнасці”, паказаную ў эфіры тэлерадыёкампаніі „Берасце”. Яе тэмай стаў маніторынг уздзеяння на навакольнае асяроддзе акумулятарнага завода, які будуецца.

Паводле слоў актывісткі Таццяны, раней група грамадзян звярнулася ў аблвыканкам з просьбай правесці сустрэчу з нагоды будаўніцтва завода. У атрыманым адказе гаворыцца, што гэтыя пытанні будуць асветлены ў тэлеперадачы.

„Адказаў мы не атрымалі. Гэта проста загаворванне праблемы, каб супакоіць насельніцтва. Маўляў, усё пад кантролем, не хвалюйцеся, грамадзяне”, — заявіла субяседніца.

Грамадзяне адзначалі, што магчымасць пакінуць каментары да перадачы, размешчанай на Youtube, праз нейкі час была адключаная.

На думку праваабаронцы Рамана Кісляка, улада перайшла да завочнага фармату зносін з апанентамі. „Чыноўнікі не хочуць чуць нязручныя пытанні і разумеюць, што непрэзентабельна выглядаюць на сустрэчах з насельніцтвам”, — лічыць ён.

На сустрэчы абмяркоўваўся таксама вобыск 30 жніўня ў кватэры мясцовага блогера Сяргея Пятрухіна. Вобыск праводзіўся ў межах распачатай у дачыненні да яго справы па ч. 2 арт. 188 і ч. 2 арт. 189 КК (паклёп у публічным выступленні альбо ў друкаваным творы; абраза ў публічным выступленні альбо ў друкаваным творы). У блогера канфіскавалі камп’ютар, ноўтбук і тэлефон.

„Улада такімі вобыскамі стараецца запалохаць не толькі блогера, каб ён адмовіўся асвятляць тэму акумулятарнага завода, але і іншых жыхароў рэгіёну, якія выступаюць супраць будоўлі”, — перакананы Кісляк.

Блогераў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава, якія ў сваім youtube-праекце „Народны рэпарцёр” асвятляюць сітуацыю вакол будаўніцтва акумулятарнага завода, ужо неаднаразова затрымлівалі і прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці.

2 верасня праціўнікі завода планавалі арганізаваць мітынг на пляцоўцы каля сцэны ў парку Воінаў-Інтэрнацыяналістаў, якая вызначана ўладамі для правядзення масавых мерапрыемстваў. Чыноўнікі забаранілі мітынг, спаслаўшыся на тое, што там будуць праводзіцца рамонтныя работы. Пасля сённяшняга сходу ўдзельнікі адправіліся туды паглядзець, якія вядуцца работы. Паводле слоў актывісткі Лады, яшчэ на мінулым тыдні на аб’екце не было пашпарта, па пляцоўцы хадзіла некалькі чалавек і было „знята пару плітачак”. Праваабаронца Кісляк лічыць, што пад выглядам рамонту уладам будзе зручней адмаўляць у правядзенні вулічных акцый.

Узвядзенне акумулятарнага завода пачалося на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Берасце”. Будуе прадпрыемства ТАА „АйПаўэр” — рэзідэнт СЭЗ. Падрадчык — кітайскае ТАА „Аньхойская знешнеэканамічная будаўнічая карпарацыя”. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.

Жыхары Берасця і Берасцейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Амаль 37 тыс. подпісаў супраць будаўніцтва завода былі перададзеныя ў Адміністрацыю прэзідэнта ў лютым. Аднак урадавая камісія не выявіла парушэнняў у рэалізацыі праекта па будаўніцтве завода. 17 мая на гэты адказ была накіраваная адпаведная скарга на імя Аляксандра Лукашэнкі.

Акрамя таго, 11 траўня на імя Лукашэнкі быў накіраваны зварот жыхароў Берасця і Берасцейскага раёна з просьбай вызваліць ад пасады старшынь берасцейскіх аблвыканкама, гарвыканкама і райвыканкама ў сувязі са стратай даверу. Тады пад гэтым дакументам падпісаліся 3.226 чалавек. У цэлым такіх подпісаў сабрана ўжо больш за 5 тысяч.

Актывісты падавалі заяўкі на правядзенне ў Брэсце шэрагу акцый супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. Берасцейскі гарвыканкам санкцыянаваў толькі адну: 29 красавіка мітынг „Берасцейкі супраць свінцу” на ўскраіне Берасця, у парку Воінаў-Інтэрнацыяналістаў, на які сабралася каля дзвюх тысяч чалавек.

6 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Берасця было абвешчана, што адміністрацыя СЭЗ „Берасце” заключыла дамову з Палескім аграрна-экалагічным інстытутам Нацыянальнай акадэміі навук аб правядзенні экалагічнага маніторынгу на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт”, дзе будуецца акумулятарны завод.

belapan.by

Фота: Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя